Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сапраге́навы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які нараджае гніенне. Сапрагенавыя бактэрыі.

[Ад грэч. sapros — гнілы і genos — род.]

сапра́на, нескл., н.

1. Самы высокі пеўчы (жаночы або дзіцячы) голас. Каларатурнае сапрана. □ [Алеся] была ўжо добра вядомай у Мінску салісткай хору, мела рэдкае па чысціні лірычнае сапрана. Рамановіч. // Спявачка з такім голасам.

2. Самая высокая партыя ў хоры.

3. Высокія па рэгістру разнавіднасці музычных інструментаў.

[Іт. soprano.]

сапра́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сапрана; прызначаны для сапрана. Сапранавая партыя. □ Рогат у Васільева быў топкі, фальцэтны, з высокімі, амаль сапранавымі пералівамі. Мікуліч.

сапрапе́левы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да сапрапелю. Сапрапелевы глей. // Які ўтварыўся з сапрапелю. Сапрапелевы вугаль.

сапрапелі́тавы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да сапрапелітаў. Сапрапелітавыя адкладанні. // Які ўтварыўся з сапрапелітаў. Сапрапелітавыя вуглі.

сапрапелі́ты, ‑аў; адз. сапрапеліт, ‑у, М ‑ліце, м.

Спец. Выкапнёвыя гаручыя рэчывы, якія ўтварыліся з сапрапелю.

сапрапе́ль, ‑ю, м.

Спец. Глей, які ўтвараецца на дне стаячых вадаёмаў з перагнілых рэштак жывёлін і раслін (выкарыстоўваецца для гразелячэння, як угнаенне і пад.).

[Ад грэч. sapros — гнілы і pelos — гразь, глей.]

сапра́ўднасць, ‑і, ж.

1. Тое, што існуе на самай справе, у жыцці; рэальнае існаванне чаго‑н., рэальнасць. Колю і цяпер усё яшчэ здаецца, што гэта быў не сон, а жывая сапраўднасць. Якімовіч. Усе нядаўнія падзеі ўсталі перад .. [Саўкам] у сваёй страшнай сапраўднасці. Колас. У апавяданнях Янкі Брыля ўпершыню знайшла шырэйшае эпічнае адлюстраванне заходнебеларуская сапраўднасць. Таўлай.

2. Уласцівасць сапраўднага (у 1 знач.). У старога пачалі ўжо з’яўляцца сумненні ў сапраўднасці запрашэння і вырастаць трывога за Таццяну і Любу. Шамякін. // Аўтэнтычнасць, праўдзівасць. [Лейтэнант] павёў ліхтарыкам, нібы лішні раз хацеў пераканацца ў сапраўднасці дакумента, змешчанай у ім фотакарткі. Лынькоў.

3. Сучаснасць. І гэта было ўсё, што нагадвала пра колішні Грабскі хутар, усё, што звязвала сапраўднасць з мінулым. Лупсякоў.

сапра́ўдны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае рэчаіснасці, існуе сапраўды; рэальны. — Мусіць, зіма сапраўдная ляжа, — з выглядам знаўцы сказаў Коля. Якімовіч. // Аўтэнтычны, праўдзівы, не фальшывы. Нікому, нават самым блізкім сябрам сваім,.. [Іван] не гаварыў сапраўднага імя і прозвішча. Новікаў. Да руля быў прымацаваны званок, самы сапраўдны званок! Арабей.

2. Які адпавядае нашым уяўленням пра каго‑, што‑н.: такі, які павінен быць; ідэальны. Не знайсці нічога ў свеце Прыгажэй сапраўднай дружбы. Ні адна не мае мова Слова лепшага, чым «друг». Панчанка. Зразу пайшоў на работу хлапчына. Ён працаваў як сапраўдны мужчына. Дубоўка. Няўжо.. [Лакота] не можа знайсці сабе — хай не зусім поўнага, хай палавіннага, але сапраўднага чалавечага шчасця? Зарэцкі. А месца там — сапраўдны курорт! Чарнышэвіч.

3. Такі самы, падобны на каго‑, што‑н. Трэба кнігу, сапраўдную кнігу стварыць, Трэба вывесці ў свет немаўля-чалавека. Свірка.

4. Які захоўвае сваю сілу, дзейнічае. Білет сапраўдны на трое сутак.

•••

Сапраўдны лік гл. лік ​1.

сапраўды́,

1. прысл. На самай справе. [Праменны:] Ты сапраўды пішаш гэту камедыю ці толькі дурышся? Крапіва. Ва ўсёй постаці старога зубра было сапраўды нешта дзікае, лясное, першабытнае. В. Вольскі.

2. прысл. Па-сапраўднаму. Я так каханне разумею: Калі кахаеш, сапраўды, Ідзеш да любай у завею, А глянеш — расцвітуць сады. Прануза.

3. у знач. пабочн. На самай справе. Чаму ж, сапраўды, не паслухаць было Вінцуся Шавеля зразу? Гартны. Андрэя ўсё не было, і маці яшчэ больш занепакоілася аб сыне. Андрэй, сапраўды, устаўшы, падаўся ў Галы. Дуброўскі. // Папраўдзе, праўду кажучы. Сапраўды, .. [маці] ўжо цяжка працаваць. Бядуля. Сапраўды, конь быў нікуды не варты. М. Ткачоў.