сапраўдны, ‑ая, ‑ае.
1. Які адпавядае рэчаіснасці, існуе сапраўды; рэальны. — Мусіць, зіма сапраўдная ляжа, — з выглядам знаўцы сказаў Коля. Якімовіч. // Аўтэнтычны, праўдзівы, не фальшывы. Нікому, нават самым блізкім сябрам сваім,.. [Іван] не гаварыў сапраўднага імя і прозвішча. Новікаў. Да руля быў прымацаваны званок, самы сапраўдны званок! Арабей.
2. Які адпавядае нашым уяўленням пра каго‑, што‑н.: такі, які павінен быць; ідэальны. Не знайсці нічога ў свеце Прыгажэй сапраўднай дружбы. Ні адна не мае мова Слова лепшага, чым «друг». Панчанка. Зразу пайшоў на работу хлапчына. Ён працаваў як сапраўдны мужчына. Дубоўка. Няўжо.. [Лакота] не можа знайсці сабе — хай не зусім поўнага, хай палавіннага, але сапраўднага чалавечага шчасця? Зарэцкі. А месца там — сапраўдны курорт! Чарнышэвіч.
3. Такі самы, падобны на каго‑, што‑н. Трэба кнігу, сапраўдную кнігу стварыць, Трэба вывесці ў свет немаўля-чалавека. Свірка.
4. Які захоўвае сваю сілу, дзейнічае. Білет сапраўдны на трое сутак.
•••
Сапраўдны лік гл. лік 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)