Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пралёт 1, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пралятаць ​1 — праляцець (у 1 знач.).

2. Сезоннае перамяшчэнне птушак; пара пералёту. Веснавы пралёт птушкі пачынаецца ў канцы сакавіка. «Весці».

пралёт 2, ‑а, М ‑лёце, м.

1. Адкрытая прастора паміж чым‑н. Скрозь просты і шырокі пралёт .. [вуліцы] відны былі агні Навасёлак. Кулакоўскі. // Скразная адтуліна, праём. Аконны пралёт. // Прастора, адлегласць паміж апорамі ў якім‑н. збудаванні. Мост драўляны, на чатыры пралёты. Чыгрынаў. // Прасла (у плоце). Здавалася, за тыя два гады, што не быў я дома, нічога тут так і не змянілася — гэтак жа, як і тады, буйна кучаравілася ліпа, гэтак жа хіліўся да зямлі, усё ніяк не могучы ўпасці, абгарэлы з аднаго канца пралёт плота. Сачанка. // Свабодны прамежак паміж маршамі ўнутранай лесвіцы. Але вось і гэты гук замёр недзе ў глыбіні лесвічнага пралёта. Васілёнак. // Прастора ўнутры прамысловага будынка паміж двума радамі калон, апор і пад. Разгружаны кран вяртаўся з лёгкім гулам. Ён ляцеў па доўгім пралёце цэха з хуткасцю цягніка. Шамякін.

2. Участак чыгуначнага шляху ад адной станцыі да другой; перагон. Трэба было праехаць адзін пралёт, таму, увайшоўшы ў вагон, .. [Кузьма] прымасціўся ў першым купэ. Дуброўскі.

пралётаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Тое, што і пралятаць. Пралётаць месяц у космасе. Пралётаць цэлы дзень на вуліцы.

пралётка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Лёгкі адкрыты двухмесны экіпаж. На лёгкай пралётцы аканом ціхенька правёз пана графа па лясных дарогах. Лобан. Хуткай рыссю насустрач хлопцам кацілася пралётка. Новікаў.

пралётны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца ў час сезоннага пралёту (пра птушак). Пралётная птушка.

2. Уст. паэт. Які хутка праходзіць, праносіцца; мімалётны. Пралётная думка.

пралётны 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пралёта ​2 (у 1 знач.); з пралётамі. Пралётная частка моста.

праліва́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да праліцца.

2. Зал. да праліваць.

•••

Праліваецца кроў чыя, якая гл. кроў.

праліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да праліць.

•••

Праліваць кроў — тое, што і ліць кроў (гл. ліць).

пралі́к, ‑у, м.

Памылка, промах, няўдача. Каму, як не .. [Чорнаму] былі добра відны шматлікія пралікі і прамашкі няспелых твораў нявопытных пачынаючых. Мележ. Кожны член партыі павінен умець крытычна ацэньваць зробленае, бачыць не толькі поспех, але і пралік, нявыкарыстаны рэзерв, каб заўтра ўлічыць упушчэнне і дасягнуць новай перамогі. «Звязда».

праліпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.

Разм. Ліпець некаторы час. Першае, што мільганула ў галаве, як Сяргей ступіў па свой панадворак, было: «Хата як асела! Доўга не праліпіць». Кухараў.

пралі́ў, ‑ліва, м.

Вузкая паласа вады, якая злучае два водныя басейны ці дзве часткі воднага басейна. Керчанскі праліў. □ На ўсходзе возера Нарач злучаецца вузкім пралівам між пясчаных кос з возерам Мястра. В. Вольскі.

праліўны́, ‑ая, ‑ое.

Вельмі моцны, вялікі (пра дождж). Дзве гадзіны цягнулася навальніца, дзве гадзіны ішоў праліўны дождж, што, здавалася, мог заліць які хочаш пажар. Маўр. Наскрозь прамоклі шынялі Пад праліўным дажджом. Астрэйка.