Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

імправіза́тарства, ‑а, н.

Дзейнасць імправізатара; імправізацыя (у 1 знач.).

імправізацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да імправізацыі.

імправіза́цыя, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. імправізаваць.

2. Імправізаваны твор, прадмет і пад. Тадорык, прысеўшы каля адчыненага акна, іграў на скрыпцы нейкія музычныя імправізацыі, цалкам аддаючыся ім. Колас. Размясціўшыся як дзе хто мог — на зэдліку, на перакуленым чамадане, на зложаным слупку кніг, — мы весела выпілі.. Галавачова жонка Ніна ўсё толькі прасіла прабачыць за такую імправізацыю. Скрыган.

[Іт. improvvisazione.]

імпрэса́рыо, нескл., м.

У капіталістычных краінах — асоба, якая арганізоўвае прыватныя тэатры, асобныя канцэрты, гастролі артыстаў і пад.

[Іт. impresario.]

імпрэ́сія, ‑і, ж.

1. Суб’ектыўнае адчуванне, перажыванне; мімалётнае ўражанне, настрой.

2. Кароткі літаратурны твор эмацыянальна-суб’ектыўнага характару. Імпрэсія ў прозе. □ У аўтабіяграфічнай імпрэсіі «З далёкіх пералётаў» Танк любоўна намаляваў вобраз маці-казачніцы з часоў бежанства. У. Калеснік. Стыль лірычнага, гумарыстычнага апавядання або імпрэсіі моцна адрозніваецца, скажам, ад стылю аповесці, рамана. Навуменка.

[Лац. impressio.]

імпрэсіяні́зм, ‑у, м.

Плынь у буржуазным мастацтве другой палавіны 19 — пачатку 20 стст., якая імкнулася да перадачы суб’ектыўных адчуванняў мастака, мімалётных уражанняў і настрояў, узятых без сувязі з рэчаіснасцю, з грамадскім жыццём.

[Фр. impressionisme.]

імпрэсіяні́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік імпрэсіянізму. Імпрэсіяністы адмаўляліся ад праўдзівага рэалістычнага адлюстравання рэчаіснасці, выступалі з праграмай безыдэйнага, антынароднага «мастацтва для мастацтва». А. Макарэвіч.

імпрэсіяні́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да імпрэсіяніст.

імпрэсіяністы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да імпрэсіянізму, характэрны яму. Імпрэсіяністычная манера пісьма. Імпрэсіяністычная музыка.

2. Заснаваны толькі на асабістым ўражанні.

імпрэсіяні́сцкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да імпрэсіянізму, да імпрэсіяніста. Імпрэсіянісцкая манера пісьма. Імпрэсіянісцкія тэндэнцыі ў літаратуры.

2. Тое, што і імпрэсіяністычны (у 2 знач.).