Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шко́дніцтва, ‑а, н.

Злачынная, шкодніцкая дзейнасць. А час быў трывожны. Амаль у кожным нумары газет паведамлялася пра шкодніцтва, пра раскрыццё чорных шпіёнскіх гнёздаў. Сабаленка.

шко́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыносіць ці можа прынесці шкоду ​1 (у 1 знач.). Знішчаючы грызуноў, пугач прыносіць пэўную карысць чалавеку, але для паляўнічай гаспадаркі ён шкодны тым, што забівае зайцоў, вавёрак і баравую дзічыну — цецерукоў, глушцоў, курапатак. В. Вольскі. — А ты і праўда шкодны, пане браце, — адказаў.. [Мякішу] дзядзька ў саламяным капелюшы. — Віляеш і нашым, і вашым... Антось Нагорны — кожны скажа — добры чалавек. Брыль.

2. Небяспечны для здароўя. Шкодны клімат.

шко́ла, ‑ы, ж.

1. Навучальная ўстанова, якая ажыццяўляе агульную адукацыю і выхаваяне маладога пакалення. Хадзіць у школу. Выкладаць матэматыку ў школе. □ Штораніцы бяжыць у школу разам са сваімі аднагодкамі ўнук Бірынічаў. Хадкевіч. // Школьны будынак, у якім праводзіцца навучанне. Цяпер жа пакуль што былі адноўлены толькі два будынкі: школа і ўрачэбны ўчастак. Шамякін. // толькі адз. Сістэма агульнай адукацыі, сукупнасць навучальных устаноў. Дэкрэт аб адлучэнні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы. // зб. Разм. Калектыў вучняў і настаўнікаў агульнаадукацыйнай навучальнай установы. І зноў яна [Наста] на плошчы, дзе штогод Вясёлы Першамай страчала школа. З. Астапенка.

2. Спецыялізаваная навучальная ўстанова, дзе навучэнцы атрымліваюць прафесіянальныя веды, кваліфікацыю. Усе яны — былыя вучні рамеснай школы паліграфістаў.. Іх школа знаходзілася тут жа [у друкарні], на першым паверсе. Брыль. Кіраўніцтва камбіната паслала.. [Віктара Вішаньку] вучыцца ў Свярдлоўскую школу брыгадзіраў-будаўнікоў. Дадзіёмаў. // Ваенная навучальная ўстанова, якая рыхтуе афіцэраў і малодшы камандны састаў. Школа прапаршчыкаў. Пяхотная школа. Школа малодшага каманднага саставу. // у спалучэнні са словам «вышэйшы». Назва некаторых навучальных устаноў, якія даюць вышэйшую адукацыю, вну. Вышэйшая партыйная школа.

3. чаго і якая. Набыццё ведаў, практычнага вопыту, а таксама сам вопыт, практычным веды чаго‑н. Школа жыцця. □ Школу «Савецкай Беларусі» прайшлі не толькі амаль усе пісьменнікі малодшага пакалення, якія пазней стварылі аб’яднанне «Маладняк», але і многія з тых, якія сфарміраваліся яшчэ да рэвалюцыі. Конан. Прайшоў я школу барацьбы і чуў дыханне перамогі. Дудар. // Тое, што дае практычныя веды, вопыт. Карацей сказаць — не хапала належнай сур’ёзнасці. А гэта тлумачылася тым, што сярод настаўнікаў не было асоб, прайшоўшых рэвалюцыйную школу на практыцы. Колас. Адным словам, калі нашы хлопцы не загінуць, то гэтае здарэнне будзе для іх добрай школай. Маўр.

4. Сістэма метадаў, правіл, прыёмаў вывучэння, асваення чаго‑н., авалодання чым‑н. Пачатковая школа ігры на баяне. Вучыцца іграць на цымбалах па школе Жыновіча. // Адукацыя, выхаванне ў святле якіх‑н. правіл, норм, прынцыпаў і пад. Палкоўнік пан Дэмбіцкі не лічыўся і з тою акалічнасцю, што ў штабе яго праціўніка не заўсёды вялі рэй прафесіяналы-штабісты старой ваеннай школы. Колас. // Спец. Майстэрства, уменне дрэсіроўкі каня, звязанае з манежнай выездкай, выкананнем розных практыкаванняў, тэмпаў язды і пад. Школа верхавой язды.

5. Навуковы, літаратурна-мастацкі, грамадска-палітычны, сацыяльна-эканамічны і пад. напрамак, плынь з характэрнымі, своеасаблівымі ўласцівасцямі, рысамі. Але тады яна [рэалістычная тэндэнцыя] яшчэ не ператварылася ў самастойную з’яву, не стала цэлай школай крытычнага рэалізму, аднак ужо станоўча ўздзейнічала на далейшае развіццё перадавой літаратуры. Ларчанка. // Група вучняў, аднадумцаў ці паслядоўнікаў каго‑н. І.П. Паўлаў і яго школа, дзякуючы правільнаму матэрыялістычнаму падыходу да распрацоўкі фізіялогіі мозга, раскрылі шмат якія «таямніцы» псіхічнага жыцця. «Беларусь». Неўзабаве з’явілася цэлая школа паслядоўнікаў А. Міцкевіча. Лойка.

6. Спец. Пітомнік, спецыяльны ўчастак, на якім вырошчваюцца сеянцы, саджанцы.

•••

Вышэйшая школа — агульная назва для вышэйшых навучальных устаноў (інстытутаў, універсітэтаў і пад.).

Вячэрняя школа — школа, вучні якой займаюцца ўвечары без адрыву ад вытворчасці і атрымліваюць сярэднюю адукацыю.

Земская школа — пачатковая школа ў дарэвалюцыйнай Расіі, якая знаходзілася ў распараджэнні земства.

Ланкастэрская школа — школа, у якой прымяняецца ланкастэрская сістэма навучання.

Натуральная школа — назва рэалістычнай плыні ў рускай літаратуры 30–40‑х гг. 19 ст.

Нядзельныя школы — школы для дарослых у дарэвалюцыйнай Расіі, у якіх праводзіліся заняткі толькі па нядзелях.

Сярэдняя школа — школа, якая дае сярэднюю адукацыю.

Царкоўнапрыходская школа — пачатковая школа ў дарэвалюцыйнай Расіі, якая знаходзілася ў распараджэнні царквы і прыходскага духавенства.

Школа-інтэрнат — павучальная ўстанова, дзе дзеці жывуць і вучацца.

Школа сельскай моладзі; школа рабочай моладзі — агульнаадукацыйная сярэдняя школа (ці васьмігодка), у якой займаецца моладзь без адрыву ад вытворчасці.

[Грэч. scholē.]

шко́льнік, ‑а, м.

Вучань пачатковай ці сярэдняй школы. Школьнікі, а з імі і меншыя хлопцы паскідалі шапкі і, адзін перад адным, як гусі, загаманілі: «Дзень добры! Дзень добры!..» Брыль. Паглядзіце, як свежымі ранкамі, Калі ўмытыя ліпы расой, Нашы школьнікі з поўнымі ранцамі Прабягаюць вясёлай гурмой. Бялевіч.

шко́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да школьнік.

шко́льніцкі, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы школьніку, яго ўзросту. Са школьніцкай гарэзлівасцю крыкнула.. Любка [Коху]: — Ты зусім не ведаеш.. слова [патрыятызм]. Лынькоў.

шко́льніцтва, ‑а, н.

1. Разм. Школьныя гады жыцця. Дзесяць год школьніцтва.

2. Школьніцкія паводзіны, учынкі; гарэзлівасць. Яго характар вызначаўся школьніцтвам.

шко́льнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Свавольна сябе паводзіць; гарэзнічаць.

шко́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да школы (у 1, 2 знач.). Школьны будынак. Школьны двор. Школьная сістэма ацэнкі ведаў. // Які абслугоўвае школу, працуе ў школе. Школьныя настаўнікі. Школьны ўрач. Школьная бібліятэка.

2. Звязаны з навучаннем у школе, знаходжаннем у школе. Школьныя прыналежнасць. Школьная форма. Школьны ўзрост. Школьныя гады. Школьны таварыш. Школьныя канікулы. □ Маленства! Ты гарыш агнём начлежным, Ты школьным заліваешся званком. Панчанка.

3. Праведзены, выкананы ў школе, школьнікамі, сярод школьнікаў. Школьная насценгазета. □ Перадавалі аб усім: .. на колькі працэнтаў выканала дзённае заданне брыгада цесляроў, хто з вучняў перамог у школьных лыжных спаборніцтвах. Шамякін. // Які складаецца са школьнікаў, створаны школьнікамі (звычайна адной школы). Школьны хор. Школьная самадзейнасць. Школьная каманда гімнастаў. // Прызначаны для школьнікаў; разлічаны на школьнікаў. Школьны лекторый.

4. перан. Несамастойны, вучнёўскі, не падмацаваны жыццёвым вопытам. Школьныя разважанні.

шкот, ‑а, М шкоце, м.

Спец. Снасць, якая служыць для расцягвання ветразяў і кіравання імі ў час руху судна.

[Гал. schoot.]