Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шквал, ‑у, м.

1. Раптоўны моцны парыў ветру (часам з дажджом). І раптам парывы магутнага шквалу На чорныя камні абрушылі пырскі. Звонак. Дождж мацнее. Заходні вецер наганяе цяжкія хмары і б’е па машыне вадзяным шквалам. Мяжэвіч.

2. перан.; чаго або які. Пра што‑н. раптоўнае, імгненнае, што праяўляецца з вялікай сілай, у значнай колькасці. Любіны думкі захліснуў шквал дзявочага смеху і гоману. Васілевіч. І кадр палкоўніцкі радзее, Змывае ўсё салдацкі шквал. Колас. // Моцная масіраваная стрэльба (з гармат, кулямётаў і пад.). На ўскраіне гарадка мітусіліся стракатыя постаці, але лезці пад шквал кулямётнага агню не адважваліся. Грахоўскі. Шрапнельны шквал быццам бы прыцішаўся, радзеў. Кулакоўскі.

[Англ. squall.]

шква́лісты, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца шквалам, нагадвае шквал (у 1 знач.). Чуваць было, як за шклом ілюмінатара завывае шквалісты вецер. Лынькоў.

2. Са шквалам; які прадвяшчае шквал. Шквалістае надвор’е.

шква́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца шквалам, са шкваламі (у 1 знач.). Шквальны вецер. □ Надыходзіла ноч, шквальная, ліўневая. Шыцік.

2. Моцны, масіраваны (пра стрэльбу). Выбрацца з акопа нельга было пад такім шквальным агнём. Марціновіч.