Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шкума́т, ‑а, М ‑маце, м.

Разм. Абрывак, абрэзак; асобная частка (тканіны, адзення, скуры і пад.). Максім Ус адной рукою адцягнуў.. [Івана] за свіран, перавязаў рану шкуматом кужэльнай кашулі. Грахоўскі. Да самай ночы, грызучыся між сабой, .. [шкуру] цягалі, рвалі на шкуматы сабакі. Навуменка.

шкумата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Матляючы, тузаючы ў розныя бакі, ірваць, імкнуцца парваць на часткі. Вецер усё не ўціхаў і злосна шкуматаў полы шынялёў. Быкаў. Тут жа, скалячы зубы, гойсаў Туман. Скакаў як апантаны, хапаў зубамі то мячык, то зайку, то клоуна. Шкуматаў, падкідваў уверх, трыбушыў лапамі. Шыловіч. // перан. Прыносіць гора, пакуты, няшчасце. Шмат з іх [людзей] спазнала вайну, шмат іх вайна шкуматала, Многія бачылі з іх гора людскога нямала. Броўка.

шкуматну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да шкуматаць.

шкумаццё, ‑я, н., зб.

Абрыўкі, кавалкі, асобныя часткі чаго‑н.; шкуматы. Са старой елкі.. пасыпалася леташняя ігліца, шкумаццё пасохлага моху і розная другая пацяруха. Лынькоў. І страсаюць з галін снегавое шкумаццё і іней дрэвы, выпростваюцца насустрач сонцу. Хадкевіч. / у перан. ужыв. І ўжо не сядзіцца ў ціхім Зацішку Таму, хто прачытвае Леніна кніжку, Хто скінуў старога жыцця шкумаццё, Хто новае творыць на вёсцы жыццё. Хведаровіч.

шку́ра, ‑ы, ж.

1. Скура з поўсцю, знешняе покрыва цела жывёл. На жывым мядзведзі шнуры не купляй. З нар. // Скура з поўсцю, знятая з забітай жывёлы. На нарах, на ласінай шкуры, Ляжым — прывал апошні ў нас — І доўга, сцішаныя, курым. Кусянкоў. Рабіў.. [Булка] ў раёне ў ларку — прымаў шкуры. Пташнікаў.

2. (звычайна са словамі «свая», «уласная»). перан. Разм. Пра жыццё, існаванне, стан чалавека (звычайна ў складзе некаторых устойлівых словазлучэнняў). [У атрадзе] пачыналі ўжо думаць, што .. [Грыцко] пакарыстаўся спадарожнай машынай, каб выратаваць сваю шкуру, уцячы. Скрыган.

3. Разм. лаянк. Пра подлага, нізкага чалавека, які вызначаецца адмоўнымі якасцямі. [Праваднікі:] — А казачкі, гэта — уласаўцы, прадажныя шкуры. Так іх тут народ ахрысціў. Няхай. — Хацеў прымазацца, шкура, — зноў не стрымаў невысокі. Дамашэвіч. — Ацерабілі, чэрці, некаму ўвесь агарод, — не то з радасцю, не то з папрокам сустрэў нас Тарасюк. — Нічога, жыў будзе па гэтай шкодзе, — адказаў Гардзіенка. — Калі добры чалавек, то прабачыць галодным палонным. А калі якая шкура, то так яму і трэба. С. Александровіч.

•••

Воўк у авечай шкуры гл. воўк.

Дзяліць шкуру незабітага мядзведзя гл. дзяліць.

Драць шкуру (дзве шкуры, па дзве шкуры, сем шкур) гл. драць.

Злупіць (садраць) шкуру (дзве шкуры, сем шкур) гл. злупіць.

Спусціць (зняць) шкуру (сем шкур) гл. спусціць.

шкурадзёр, ‑а, м.

Разм.

1. Рабочы бойні, які здзірае шкуры з забітых жывёл. Ды такіх коней я і дарэмна не ўзяў бы. Гэта былі недабойкі, ад якіх, відаць, і шкурадзёры адракліся. Якімовіч.

2. перан. Пра скнарнага гандляра, спекулянта, кулака і пад.; жывадзёр. [Галя:] — За хамуты будзе старацца спагнаць [Чапялевіч]. А каб жа працы той. Ну і шкурадзёр. Ермаловіч.

шку́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Памянш. да шкура (у 1 знач.).

2. Спец. Цвёрдая папера ці тканіна з нанесеным на яе слоем абразіўнага матэрыялу, якая прымяняецца для апрацоўкі (зачысткі, шліфавання і пад.) паверхні якіх‑н. вырабаў.

•••

Шкурка вырабу не варта — не варта рабіць, займацца чым‑н., брацца за што‑н.; пра тое, ад чаго няма ніякай карысці.

шку́рнік, ‑а, м.

1. Уст. Гандляр шкурамі.

2. Разм. пагард. Пра чалавека, які жыве толькі ўласнымі інтарэсамі, клапоціцца толькі пра асабістую выгаду. [Салавей:] — Адступаюць толькі баязліўцы і шкурнікі, а дзе не хапае сілы, там выручае хітрасць і смеласць. Грахоўскі. З ракетніцы страляе Лазняк у салдата свайго разліку Задарожнага, бо ён аказаўся шкурнікам і дэзерцірам. Дзюбайла.

шку́рніцкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Уласцівы шкурніку (у 2 знач.). Шкурніцкі падыход да жыцця. □ А можа справа ў далёкім шкурніцкім разліку дзеля свайго паратунку, ад якога заўжды патыхае здрадай? Быкаў.

шку́рніцтва, ‑а, н.

Разм. Дзеянні, паводзіны, учынкі шкурніка (у 2 знач.). Дарогу даць таму, Што чэсна і здарова, А з гніллю, шкурніцтвам Расправіцца сурова!.. Колас.