уліто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.
Уст. Тое, што і упайка (у 2 знач.).
улі́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад уліць (у 1, 2 знач.).
•••
Як уліты — які добра аблягае (пра адзенне, абутак). Твар [Пракопа] чыста паголены, .. гарнітур на ім ляжыць, як уліты. Сабаленка.
уліўны́, ‑ая, ‑ое.
Разм. Тое, што і праліўны. Лужыны стаяць на .. [вуліцы]: учора дождж уліўны прайшоў. Колас.
улі́цца, увальецца і уліецца; пр. уліўся, улілася, ‑лося; заг. уліся; зак.
1. Наліцца ўнутр чаго‑н. Хоць у лодку і ўлілося трохі вады, аднак цяпер яна пайшла шпарчэй, бо мне памагаў вецер. Кірэенка. // Зліцца з чым‑н., льючыся, уцячы ў што‑н. Каціліся [патокі вады] аж да моста, каб уліцца ў рахманую Безымянку. Курто. / у перан. ужыв. У пакой улілося святло. // перан. Пранікнуць, напоўніць (пра пачуцці і пад.). Нейкая дзіўная хваля ўлілася ў грудзі і буйнай цёплай слязой скацілася на шчокі. Васілевіч. Бацькоўскі дом у цішыні лясоў, Даўно цябе надоўга я пакінуў, І свет шырокі ў вочы мае хлынуў, Уліўся ў грудзі клічам галасоў. Гаўрусёў.
2. перан. Далучыцца да чаго‑н., увайсці ў склад чаго‑н., папоўніць сабою што‑н. Усе [хлопцы] набіраліся новых свежых сіл, каб ноччу перайсці фронт і зноў уліцца ў чырвонаармейскую масу для заядлай барацьбы з панамі. Нікановіч. Мацнеў, рос, пашыраўся калгас, ужо суседнія дзве вёскі ўліліся ў яго. Мікуліч. [Усцін Тарасавіч] выйшаў за бальнічныя вароты, уліўся ў людскі паток і накіраваўся дадому. Марціновіч.
улі́ць, увалью, увальеш, увалье; увальём, увальяце і улію, уліеш, уліе; уліём, уліяце; пр. уліў, уліла, ‑ло; заг. улі; зак.
1. што і чаго. Наліць унутр чаго‑н. Дзеці, якія спачувалі Міхаську, тут жа сілай разнялі яму рот і ўлілі вады. Якімовіч. Пакуль тры лыжкі настою не ўліе баба Васіліса малому, не адступіцца. Паўлаў. // перан. Усяліць, абудзіць (сілы, энергію, веру і пад.). Настрой у .. [Ваўчка] быў вясёлы, адказнае даручэнне райкома як быццам не толькі не азадачыла яго, а ўліло новую энергію. Хадкевіч.
2. перан.; каго-што. Уключыць у склад каго‑, чаго‑н., дабавіць да чаго‑н. Уліць атрад у партызанскае злучэнне. Уліць карткі ў картатэку.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), без дап. Разм. Выпасці ў вялікай колькасці (пра дождж). Навалакліся чорныя хмары, і пад раніцу ўліў гэтакі дождж, што як я ні напінаў брызентавую накідку, яна не ратавала. Сабаленка. / у безас. ужыв. [Міхал:] — Сушыла, сушыла, а цяпер уліло. А на полі — снапы. Пташнікаў.
улі́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад улічыць.
улі́чванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. улічваць 1 — улічыць.
улі́чвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да улічыцца.
2. Зал. да улічваць.
улі́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да улічыць.
улічы́цца, улічыцца; зак.
Быць прынятым пад увагу; залічыцца. [Пан Вінцук:] — Гэта ўлічыцца .. [доктару] пры атрыманні пажыццёвай пенсіі. Машара.