Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уго́дніца, ‑ы, ж.

Жан. да угоднік.

уго́дніцтва, ‑а, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. угоднічаць; паддобрыванне, падлашчванне, удыганне. Яго прынцыповай натуры праціўна было ўгодніцтва.

уго́днічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Весці сябе ўгодліва; паддобрывацца да каго‑н., удыгаць перад кім‑н. Справу Пуліхава разглядаў іншы суд. Суд, які ўгоднічаў, патураў, прыслужваўся. Мехаў.

уго́йдвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да угайдацца.

уго́лас, прысл.

1. Вымаўляючы гучна, так, каб было чутно для другіх. [Колас:] — Чытай уголас і папраўляй, а я буду сачыць па кнізе. Лужанін. Убачыўшы, што я бяру напрамак да машыны,.. [чалавек] яшчэ старанней замітусіўся, а потым уголас пачаў лаяць шафёра: — Хіба гэта вадзіцель! Партач, а не вадзіцель! Кулакоўскі. // Так, што можна пачуць. Марыць уголас. □ Стары [ляснік] прывык да адзіноты, цішыні і таму думае ўголас. Хомчанка. // Гучна, моцна, голасна. Часамі [Самабыль] заліваецца смехам уголас, а часам проста смяецца моўчкі. Колас. Адна толькі Ганька сядзіць у мыцельніку, і адну яе толькі ніхто не заўважае. Гэта няўвага так крыўдзіць Ганьку, што яна не можа больш стрымацца. Яна плача горка, плача ўголас... Васілевіч. Але Арына не гаварыла нічога. Толькі рыдала, горка, уголас. Мележ.

2. перан. Адкрыта, на людзях. [Лёнік] не забываў пра .. [рагатку], але загаварыць аб ёй уголас не адважваўся. Колас.

уго́н, ‑у, м.

Спец. Падоўжнае змяшчэнне рэек, якое выклікаецца рухам чыгуначных саставаў.

уго́рнуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад угарнуць.

уго́ртванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. угортваць — угарнуць.

уго́ртвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да угортваць.

уго́ртваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да угарнуць.