прэтэндава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., на што.
1. Прад’яўляць свае правы на што‑н., дамагацца чаго‑н. [Берднікаў] не прэтэндаваў на кіруючую ролю ў той арганізацыі, якая была створана пры яго бліжэйшым удзеле. Мікуліч. Наплыў быў вялікі. На адно месца прэтэндавала да дваццаці чалавек. Губарэвіч. У нас ёсць яшчэ асобы, якія прэтэндуюць толькі на чын, на званне, а не на карысную для грамадства працу. Паслядовіч.
2. Дамагацца прызнання за сабой якасцей, асаблівасцей, якіх звычайна няма. Прэтэндаваць на талент. Прэтэндаваць на інтэлігентнасць.
[Ад лац. praetendere.]
прэтэндэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Той, хто прэтэндуе на што‑н., мае падставы на валоданне чым‑н., на атрыманне чаго‑н. — Скажыце, між іншым, — Ваўчок павярнуў на мяне твар і прыцішыў голас, — .. ёсць, акрамя нас, сёлета сур’ёзныя прэтэндэнты на пераходны сцяг Савета Міністраў і ЦК? Хадкевіч. // Той, хто прэтэндуе на атрыманне якога‑н. звання, узнагароды і пад. за выкананую працу. Прэтэндэнт на атрыманне ступені кандыдата навук. Прэтэндэнт на атрыманне дзяржаўнай прэміі.
[Ад лац. praetendens, praetendentis — які дамагаецца.]
прэтэндэ́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да прэтэндэнт.
прэтэ́нзія, ‑і, ж.
1. Прад’яўленне сваіх правоў на каго‑, што‑н.; патрабаванне чаго‑н. — Я напішу, каб сельсавет у трохдзённы тэрмін законна ўрэгуляваў гэтае пытанне з зямлёю, на якую вы маеце прэтэнзію... Галавач. У гэтых словах угадвалася прэтэнзія, можа, нават на кіраўніцтва калгасам. Дуброўскі.
2. Патрабаванне незадаволенасць, прад’яўленыя да каго‑, чаго‑н.; скарга. У сталявараў нямала прэтэнзій да рабочых тых аддзяленняў сталеліцейнага цэха, ад якіх залежыць паспяховая работа. Данілевіч. // Спец. Заява крэдытора, пакупніка, у якой выказваецца пратэст даўжніку, пастаўшчыку з прычыны парушэння ўмоў пагаднення.
3. Імкненне прыпісаць сабе ўласцівасці, якасці, якіх звычайна няма. Скаромны быў чалавек з прэтэнзіямі на інтэлігентнасць. Колас. [Пан Чарапіцкі] гаворыць, як сячэ, — з прыціскам, з прэтэнзіямі на віртуозную элегантнасць. Пестрак.
•••
У прэтэнзіі (быць) на каго-што — адчуваць незадаволенасць кім‑, чым‑н., крыўду на каго‑, што‑н.
[Лац. praetensio.]
прэтэнцыёзнасць, ‑і, ж.
Кніжн. Уласцівасць прэтэнцыёзнага, вычварнасць.
прэтэнцыёзны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Які прэтэндуе на арыгінальнасць; надуманы, манерны. Прэтэнцыёзная назва. Прэтэнцыёзная архітэктура.
[Ад фр. prétentieux.]
прэфе́кт, ‑а, М ‑кце, м.
1. У Старажытным Рыме — назва розных адміністрацыйных і вайсковых пасад, а таксама асоб, якія займалі гэтыя пасады.
2. У Францыі — адказная асоба, якая ўзначальвае дэпартамент.
3. У некаторых буржуазных краінах — начальнік паліцыі.
[Ад лац. praefectus — начальнік.]
прэфекту́ра, ‑ы, ж.
1. Адзінка адміністрацыйнага падзелу ў Рымскай імперыі.
2. У некаторых буржуазных краінах — орган кіравання адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай.
3. Службовае памяшканне прэфекта, яго канцылярыя.
[Лац. praefectura.]
прэфера́нс, ‑а, м.
Картачная гульня. Пажылыя бавілі час за прэферансам, захапляліся картамі і спірытызмам. «Полымя».
[Фр. préférence.]
прэферансі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Той, хто гуляе ў прэферанс. [Аляксей Пятровіч:] — Мая стыхія — прэферанс. Толькі я нешта не бачу тут прэферансістаў. Васілёнак.