Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прына́дны, ‑ая, ‑ае.

Прываблівы, прывабны, спакуслівы. Вокны ў пакоі пана падлоўчага святлелі прынадным бляскам. Колас. Так кружыцца маюць звычай Часта чайкі над вадою Над прынаднаю здабычай. Крапіва. [Яша] крыху паблукала між дрэў, шукаючы прынадную мясцінку. Мележ.

прыназо́ўнік, ‑а, м.

Службовае слова, якое ўжываецца для сувязі паміж залежным назоўнікам, займеннікам або лічэбнікам і словам, якое ім кіруе, і выражае сінтаксічныя адносіны паміж імі, напрыклад: «за», «на», «каля».

прыназо́ўнікавы, ‑ая, ‑ае.

Які ўжываецца з прыназоўнікам. Прыназоўнікавае словазлучэнне. Прыназоўнікавая канструкцыя.

прынайма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прынаняць.

прынакры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., каго-што.

Разм. Накрыць няпоўнасцю, злёгку.

прынале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; зак.

Разм.

1. Націснуць, налегчы з вялікай сілай, энергіяй на што‑н., каб дасягнуць лепшага выніку працы. Данік павярнуў човен на рэчку, і я з усёй сілай прыналёг на вёслы. Краўчанка. Толькі Валока не выпускаў .. [немца], ямчэй прыналёг плячом. Быкаў.

2. перан. Пачаць працаваць, рабіць што‑н. больш старанна, энергічна. Пасля сустрэчы з настаўнікам Шурка прыналёг на рускую мову. Шыловіч. — Што першае ў нас — дык гэта клуб ... Сам ведаеш, што значыць раскалыхаць старых.. Але наш камсамол прыналёг — і гатова. Брыль.

прынале́жнасць, ‑і, ж.

1. Уваходжанне ў склад чаго‑н., дачыненне да чаго‑н. Нацыянальная прыналежнасць. □ Праўда, ад мундзіра застаўся толькі пакрой і матэрыя, усе ж адзнакі яго прыналежнасці да катэгорыі мундзіраў польскіх вайскоўцам — каўнер, гузікі з белымі арламі — дзед Талаш павыпорваў. Колас. [Надзя:] — І ўсіх [людзей] будзе аб’ядноўваць прыналежнасць да адной партыі, партыі камунізма. Лынькоў.

2. Неад’емная ўласцівасць, прыкмета чаго‑н. У п’есах Марцінкевіча важная роля адводзіцца куплету, які раней быў абавязковай прыналежнасцю вадэвіля. Ярош. Наяўныя ў ранніх беларускіх пісьмовых помніках царкоўнаславянізмы былі амаль выключна прыналежнасцю кніжнай пісьмовай мовы. Жураўскі.

прынале́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які належыць да чаго‑н., уваходзіць у склад чаго‑н.; які мае адносіны да чаго‑н. Быць прыналежным да арганізацыі. Людзі, прыналежныя да мастацтва. □ Я сядзеў, і думкі цяклі ў галаве маёй. Думкі аб стагоддзях, якім я .. цяпер быў прыналежны. Караткевіч.

2. У граматыцы — які выражае прыналежнасць да каго‑, чаго‑н. Прыналежны займеннік. Прыналежны прыметнік.

прына́мсі, пабочн.

Ва ўсякім разе. Лабановіч мінае выганы, выходзіць у поле. Тут прастарней і як бы вальней трохі, прынамсі, нікога не відаць. Колас. Нарадчыца зарачанскага дэпо Ліда Падбярэзская была дзяўчына незвычайная. Гэтак, прынамсі, думаў Міхась. Васілёнак. Салдат зычным голасам закрычаў да камандзіра батальёна так, быццам быў, прынамсі, палкоўнікам. Карпюк.

прынаня́ць, ‑найму, ‑ноймеш, ‑нойме; зак., каго-што.

Разм. Наняць дадаткова. Прынаняць рабочых. Прынаняць касцоў.