пракра́двацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да пракрасціся 1.
пракра́двацца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да пракрасціся 2.
пракракта́ць, ‑кракчу, ‑крэкчаш, ‑крэкча і пракрахта́ць, ‑крахчу, ‑крэхчаш, ‑крэхча; зак.
Абазвацца крактаннем (крахтаннем).
пракра́сціся 1, ‑крадуся, ‑крадзешся, ‑крадзецца; зак.
Разм. Зрабіць значны крадзеж, растрату; папасціся ў сістэматычным, працяглым крадзяжы. Ермачэнка зусім пракраўся,.. неяк сухім выбраўся назад у Прагу, адкуль ён прыехаў некалі ў Мінск. Новікаў. Пракраўся кладаўшчык. І вось ён пад судом. Корбан.
пракра́сціся 2, ‑крадуся, ‑крадзешся, ‑крадзецца; зак.
Ціха, непрыкметна прабрацца куды‑н. Цёмнай ноччу.. [Тарас] дапамог партызанам пракрасціся да тых складаў і устанавіць міны. Краўчанка. Позняй раніцай Ціток па загуменні пракраўся ў сваё гумно. Лобан. // перан. Непрыкметна пранікнуць (пра пачуцці, думкі і пад.). Шчырае заспакаенне пракралася ў душу. Бядуля.
пракро́іць, ‑крою, ‑кроіш, ‑кроіць; зак., што і без дап.
Кроіць некаторы час.
пракро́чыць, ‑крочу, ‑крочыш, ‑крочыць; зак.
1. Прайсці крокам. — І толькі выйшла я на шашу і зялёнай абочынай пракрочыла наперад, як чую ззаду шум матора. Кавалёў.
2. Крочыць некаторы час.
пракружы́цца, ‑кружуся, ‑кружышся, ‑кружыцца; зак.
1. Лятаючы, зрабіць круг. Вясною, калі з выраю птушкі ляцелі, адна качка разы са два над нашай хатай пракружылася. Дубоўка.
2. Кружыцца некаторы час.
пракружы́ць, ‑кружу, ‑кружыш, ‑кружыць; зак.
1. Разм. Тое, што і пракружыцца (у 1 знач.). Пракружыў над хатай самалёт.
2. Прайсці, праехаць які‑н. час, часта мяняючы напрамак; праблукаць. Пракружыць усю ноч па лесе.
3. каго і без дап. Кружыць некаторы час.
пракру́стаў, ‑ава.
У выразе: пракрустава ложа гл. ложа 3.
пракрухма́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пракрухмаліць.