эксплуата́цыя, ‑і, ж.
1. Бязвыплатнае прысваенне аднымі людзьмі прадуктаў працы іншых людзей, заснаванае на прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці. [Лаўрыновіч:] — Савецкая ўлада вызваліла сялянскую беднату ад эксплуатацыі і памагла ёй стаць на ногі. Лобан. Сацыялістычны прынцып свабоды і роўнасці ўсіх рас і нацый атрымаў верх над капіталістычным прынцыпам эксплуатацыі і прыгнечання. «Звязда».
2. Пастаяннае, сістэматычнае выкарыстанне (зямлі, яе нетраў, чыгунак, дарог, машын, агрэгатаў і пад.) для якіх‑н. практычных мэт. Эксплуатацыя станкоў. □ У горадзе ўведзена ў эксплуатацыю новая аўтаматычная тэлефонная станцыя на 4 тысячы кропак. «Звязда».
[Фр. exploitation.]
экспо́, нескл., ж.
Сусветная выстаўка (звычайна з лічбай, якая ўказвае год). Экспо–80.
[Скарачэнне фр. слова exposition — выстаўка.]
экспрапрыі́раваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад экспрапрыіраваць.
экспрапрыі́равацца, ‑руецца; незак.
Зал. да экспрапрыіраваць.
экспрапрыі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.
Падвергнуць (падвяргаць) экспрапрыяцыі. Экспрапрыіраваць клас эксплуататараў.
экспрапрыя́тар, ‑а, м.
Той, хто ажыццяўляе экспрапрыяцыю.
экспрапрыя́цыя, ‑і, ж.
1. Прымусовая канфіскацыя ў буржуазіі ўсіх сродкаў вытворчасці ў ходзе пралетарскай рэвалюцыі. І, бачачы, як цяпер ужо капіталізм невераемна затрымлівае гэтае развіццё, як многае можна было б рушыць уперад на базе сучаснай, ужо дасягнутай, тэхнікі, мы маем права з паўнейшай упэўненасцю сказаць, што экспрапрыяцыя капіталістаў непазбежна дасць гіганцкае развіццё прадукцыйных сіл чалавечага грамадства. Ленін.
2. Пазбаўленне ўласнасці і былога сацыяльная становішча аднаго класа другім. Экспрапрыяцыя экспрапрыятараў.
[Фр. exproprpiation ад лац. ex — з і proprius — уласны.]
экспро́мт, ‑а, М ‑мце, м.
1. Верш, музычны твор і пад., створаныя адразу, без папярэдняй падрыхтоўкі; прамова, трапны адказ, сказаныя без папярэдняга абдумвання. [Я. Колас] перасягаў маладзейшых і ў жартах, і ў экспромтах, і ва ўдалых тостах. Лужанін.
2. Спец. Невялікі музычны твор, напісаны ў свабоднай форме. Экспромт Рахманінава.
[Ад лац. expromptus — гатовы.]
экспро́мтам, прысл.
Адразу, нечакана, без падрыхтоўкі. Прыгаворка складвалася экспромтам, таму была не вельмі складная, але Мікалая яна даводзіла ледзь не да шаленства. Чарнышэвіч. Выступленні [А. В. Луначарскага] экспромтам па любых пытаннях праходзілі лёгка, таленавіта, цікава. «Маладосць».
экспрэ́с, ‑а, м.
Поезд, параход, аўтобус і пад., які ідзе з найбольшай скорасцю і робіць прыпынкі толькі на галоўных станцыях. Вёскі, што спакон веку жылі сярод вады і лесу, нават цяпер, у часы.. аўтобусных экспрэсаў, не развучыліся цаніць падарожжа па рацэ. Карамазаў. Пасажыры прыгараднага цягніка — публіка самая мітуслівая. Гэта не тыя салідныя грамадзяне з транзітных экспрэсаў, якія доўга ехалі і якім няма куды і за чым гнацца. Кірэенка.
[Англ. express з лац.]