Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ца́цка, ‑і, ДМ ‑ццы; Р мн. ‑цак; ж.

1. Прадмет, прызначаны для гульні дзецям. Ёсць цацкі добрыя ў яе: Машына-самакат, мядзведзь рахманы... Дачка бярэ яго, ён устае На плюшавыя лапы паслухмяна. Калачынскі. А дзецям зверх праграмы .. [Лапко] вылепліваў з гліны хвацкія цацкі: свісцёлкі,.. баранчыкаў, парасятак, сабак. Колас. // Невялікая рэч, якая служыць для аздобы, упрыгожання. [Жанчыны] ўзяліся мыць вокны, здымаць з мэблі чахлы, вешаць фіранкі,.. выцягваць з шафаў прыгожыя цацкі і расстаўляць на ранейшыя месцы. Карпаў. З гэтых арэхаў у Эквадоры пачалі вырабляць розныя цацкі і аздобы. «Маладосць». // Іран. Пра што‑н. небяспечнае, складанае (зброю, інструмент). — Бачыш гэтыя цацкі, — ён [бандыт] паказаў мне рэвальвер і фінку, — не адна, дык другая дагоніць. Якімовіч. — Ды вось нашы цацкі не хочуць падвезці на месца, — з нейкай жальбой у голасе гаварыў чырванашчокі, дужы механізатар, паказваючы на молат. Мыслівец.

2. перан. Той, кім (або тое, чым) распараджаюцца па ўласнаму жаданню дзеля пацехі. Быць цацкай у чыіх‑н. руках. □ Бывае, чалавек Усё жыццё сваё, увесь век Нікчэмнай цацкай пражывае. Корбан.

3. Разм. Пра рану або пашкоджаную, параненую частку цела. Зрабіць сабе цацку. □ Праз тыдзень [Вухавец] пачаў выходзіць, трымаючы сваю забінтаваную цацку на перавязі, у цёплай вязанай хустцы. Брыль. — Радыкуліт у вас, ці што? — Гэта во самае.. — Была і ў мяне гэтая цацка. Ермаловіч.

•••

Як (нібы) цацка — пра што‑н. вельмі прыгожае, адмысловае.

ца́цкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Гуляць з кім‑, чым‑н.; забаўляцца. Дзіця цацкаецца з катом. Цацкацца з дзіцем. □ Аднаго разу сяляне знайшлі на полі прыгожую медную трубачку з бліскучай ручкай. Цацкаліся з ёю, пакуль яна зашыпела... Бядуля. // Займацца якой‑н. клапатной справай; марудна рабіць што‑н.; важдацца з чым‑н. Да самага вечара .. [Захар Зынга] цацкаўся з ёю [гармонню] — разглядаў, пробаваў галасы, браў акорды. Чорны. [Юлька] доўга з дрывамі не цацкалася. Карамазаў. // Многа займацца з кім‑н.; удзяляць каму‑н. шмат часу, увагі; няньчыцца. [Хаценчык:] — Мы занадта цацкаліся з .. [Кузьмой Шавойкам]. І самі ў гэтым вінаваты. Колькі разоў папракалі яго за п’янку, але ніколі не пакаралі сурова. Броўка. Шпакі не вельмі цацкаюцца з захопнікамі. Ткнуць аднаго-другога вострай дзюбай, дык з вераб’ёў у момант злятае ваяўнічы запал. Паслядовіч.

ца́цкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Гуляць, забаўляцца з кім‑, чым‑н. Усякі прымаў яго [падмуркавы камень], Цацкаў, Як злітак дзівосны, Як цацку. Калачынскі. [Завішнюк:] — Мала працерабілі Акцызнік з Юркам Далінай, мала стараюцца дзяўчаты.. Цацкаюць ленту ў руках, падпяразваюцца, вехі мераюць... Пташнікаў.