Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тырк, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. тыркаць — тыркнуць.

ты́ркацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Упірацца ў што‑н., даставаць да чаго‑н. Толькі калі нос лодкі тыркаецца ў бераг, каза выскоквае на зямлю і спрытна ўзбіраецца па абрыве ўверх. Каршукоў.

ты́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Тое, што і тыкаць. Ярошка са злосцю тыркаў пальцам у нейкую паперу. Броўка. [Байкоў:] — Што вы ўвесь час тыркаеце на Байкова? Шамякін. Гюнтэр Ліндэ не раз балюча тыркае ў худыя плечы Ота вострым канцом стэка. Бядуля.

2. Утвараць гукі (пра машыны, маторы і пад.). Жывы быў толькі матацыкл: ён усё тыркаў, гатовы зноў сарвацца з месца. Брыль. У Валілах тыркае буйнакаліберны кулямёт, гучыць пару спозненых вінтовачных стрэлаў. Карпюк.

ты́ркнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Аднакр. да тыркацца.

ты́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да тыркаць.

ты́рла, ‑а, н.

Абл. Месца на пашы, дзе стаіць жывёла (авечкі, каровы, коні) у час гарачыні або ноччу. [Гараська:] — А пастухі казалі, што вы нешта ўсё вакол каро[віна]га тырла кружылі. Якія ж там грыбы ў алешніку?.. Навуменка.

тырс, ‑а, м.

У грэчаскай міфалогіі — жазло Дыяніса (у рымскай — Вакха) і яго спадарожнікаў, абвітае плюшчом і вінаградным лісцем.

[Грэч. thyrsos.]

ты́рса, ‑ы, ж.

Від кавылю.

тырса́, ы́, ж.

Разм. Апілкі. Тырса, што сыпалася з дубовай, прарэзіны, была цёплая і мяккая, і Дзяніс, тады яшчэ падлетак, зграбаў яе са свайго лапця. Чыгрынаў. Побач з домікам — вароты, на ўсю шырыню іх каранцінная падушка з тырсы. Місько.

тырча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

Разм. Тое, што і тарчаць. То там, то сям высока ў небе тырчалі трубы фабрык і заводаў. Колас. На лесвіцы нікога не было. Толькі ў шчыліне дзвярэй тырчала нейкая блакітная паперка. Арабей. Падышла царэўна да рыцара і ўбачыла на яго руцэ свой залаты пярсцёнак, а з кішэні ражок бацькавай хустачкі тырчыць... Якімовіч. Нікому не хацелася тырчаць на вуліцы, калі тут будзе рабіцца сапраўдны цуд, калі будзе рыхтавацца выбух, які пачуюць ажно ў самім Берліне. Бураўкін.

тырчко́м, прысл.

Разм. У вертыкальным становішчы; стаўма. Сабака прысеў на заднія лапы, паставіў тырчком вушы і чакае, калі да мяча наблізіцца Жорык. Даніленка.