Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

брыга́да

(фр. brigade, ад іт. brigata = таварыства)

1) вайсковае злучэнне з некалькіх батальёнаў (дывізіёнаў) або палкоў;

2) тактычнае злучэнне з некалькіх аднатыпных ваенных караблёў;

3) асабовы склад, які абслугоўвае поезд;

4) група работнікаў, якая сумесна выконвае вытворчае заданне (напр. б. слесараў, будаўнічая б.).

бры́фінг

(англ. briefing = інструктаж, ад brief = кароткі, сціслы)

кароткая прэс-канферэнцыя, на якой паведамляецца пазіцыя ўрада па пэўным пытанні або даецца інфармацыя аб ходзе міжнародных перагавораў.

брэйк

(англ. break)

энергічны танец з элементамі пантамімы і акрабатыкі, які зарадзіўся ў 80-я гады XX ст. у негрыцянскіх кварталах гарадоў ЗША.

брэйк-да́нс

(англ. break-dance)

тое, што і брэйк.

брэйн-дрэ́йн

(англ. brain-drain, ад brain = мозг + drain = уцечка)

адток спецыялістаў, вучоных, інтэлектуалаў з краін, дзе адносна нізкі ўзровень жыцця, у краіны з больш высокім узроўнем.

брэйн-ры́нг

(англ. brain ring, ад brain = мозг + ring = арэна барацьбы)

тэлевізійная барацьба-спаборніцтва, пераможцам у якой становіцца чалавек або каманда, якія выяўляюць больш шырокую эрудыцыю і хуткасць рэакцыі ў адказах на пытанні вядучага.

бу́гі-ву́гі

(англ. boogie-woogie)

1) амерыканскі парны танец свабоднай кампазіцыі, які выконваецца ва ўмерана хуткім тэмпе;

2) стыль джазавай музыкі, у якім паўтараецца на фартэпіяна музычная фігура ў басавым ключы.

буды́зм

(англ. buddhism, ад санскр. buddha = прасвятленне)

адна з трох (побач з хрысціянствам і ісламам) сусветных рэлігій, якая ўзнікла ў VI ст. да н. э. у Індыі і пашырылася ў Кітаі, Японіі, Манголіі, Індакітаі, Бірме.

бу́ер

(гал. boeier)

лёгкая лодка або платформа з парусам, устаноўленая на вузкіх стальных палазках для катання на лёдзе.

буке́т

(фр. bouquet)

1) прыгожа складзеныя ў пучок кветкі (напр. б. цюльпанаў);

2) сукупнасць пахавых і смакавых уласцівасцей чаго-н. (напр. б. чаю, б. віна).