Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

штудзі́раваць

(ням. studieren, ад лац. studere = вучыцца, старанна займацца)

старанна вывучаць што-н.

шту́ка

(польск. sztuka, ад с.-в.-ням. stücke = кавалак)

1) асобная рэч, прадмет з шэрагу аднародных (напр. некалькі штук яблыкаў);

2) рулон тканіны (напр. ш. палатна);

3) перан. выхадка, выбрык, незвычайны ўчынак (напр. устроіць штуку).

штурм

(ням. Sturm)

1) рашучая атака крэпасці, горада, апорнага пункта або ўмацаванай пазіцыі праціўніка;

2) перан. рашучыя дзеянні, накіраваныя на дасягненне чаго-н. (напр. ш. космасу, ш. навукі).

штэ́кер

(ням. Stecker)

металічны кантактны стрыжань, які служыць аднаполюснай вілкай штэпсельнага (гл. штэпсель) злучэння.

штэ́мпель

(ням. Stempel)

пячатка з выпуклым адваротным надпісам або малюнкам, а таксама адбітак, зроблены такой пячаткай.

штэ́псель

(ням. Stöpsel)

прыстасаванне ў выглядзе металічнай вілкі ў пластмасавым корпусе для падключэння ў электрычную сетку прыбораў.

шык

(фр. chic)

паказная раскоша, франтаватасць, форс.

шыка́рны

(фр. chicard)

1) раскошны, багаты, пышны (напр. ш-ае ўбранне);

2) вельмі прыгожы, цудоўны (напр. ш. букет).

шы́льда

(ням. Schild)

дошка з надпісам назвы ўстановы, прадпрыемства, арганізацыі і інш.

шы́рма

(ням. Schirm)

1) перасоўная перагародка з драўляных створак або з абцягнутых тканінай ці паперай рам;

2) перан. усё, што служыць для прыкрыцця сапраўдных мэт, спраў.