Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цэнзу́ра

(лац. censura)

сістэма дзяржаўнага нагляду за друкам і сродкамі масавай інфармацыі.

цэнт

(англ. cent, ад лац. centum = сто)

разменная манета ЗША, Канады, Аўстраліі і некаторых іншых краін, роўная 1/100 грашовай адзінкі (долара, гульдэна).

цэнтр

(лац. centrum, ад гр. kentron = вастрыё)

1) пункт дакладна ў сярэдзіне геаметрычнай фігуры (напр. ц. акружнасці);

2) сярэдзіна, сярэдняя частка чаго-н. (напр. ц. горада);

3) месца сканцэнтравання якой-н. дзейнасці (напр. касмічны ц.);

4) буйны населены пункт, які мае адміністрацыйнае, культурнае значэнне для якой-н. мясцовасці, краіны (напр. раённы ц., прамысловы ц.);

5) вышэйшы орган кіравання якой-н. дзейнасцю (напр. дырэктывы цэнтра).

цэнтраліза́цыя

(фр. centralisation, ад лац. centralis = які знаходзіцца ў сярэдзіне)

сканцэнтраванне чаго-н. у адным цэнтры, аб’ядноўванне ў адным месцы, у адных руках (напр. ц. кіраўніцтва, ц. капіталу).

цэнтралі́зм

(фр. centralisme, ад лац. centralis = які знаходзіцца ў сярэдзіне)

сістэма кіравання, пры якой мясцовыя ўстановы, органы падпарадкаваны цэнтральнай уладзе, цэнтру.

цю́нер

(англ. tuner)

высокачастотны прыбор настройкі радыёпрыёмніка на патрэбную хвалю, які забяспечвае высокую якасць гуку.

цю́нінг

(англ. tuning)

аснашчэнне машыны дадатковымі прыладамі.

чадра́

(тур. čadyr, ад перс. čadar)

лёгкае пакрывала, у якое жанчыны-мусульманкі пры выхадзе з дому захутваюцца з галавы да ног, пакідаючы толькі шчыліну для вачэй.

чалма́

(цюрк. čalma)

мужчынскі галаўны ўбор у мусульман у выглядзе доўгага кавалка тканіны, абкручанага некалькі разоў вакол галавы.

чарга́

(цюрк. čarga)

1) пэўны парадак у следаванні, руху чаго-н.; месца ў парадку следавання (напр. выклікаць па чарзе, заняць чаргу);

2) адзін з участкаў будоўлі, якая ўводзіцца ў строй па частках;

3) група людзей, якія стаяць адзін за адным для атрымання чаго-н.;

4) рад выстралаў з кулямёта, аўтамата.