Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

у́нія

(лац. unio = аб’яднанне, адзінства)

1) аб’яднанне дзвюх дзяржаў пад уладай аднаго манарха;

2) аб’яднанне праваслаўнай і каталіцкай царквы пад уладай папы рымскага;

3) назва розных адміністрацыйных міжнародных саюзаў.

уніяні́зм

(фр. unionisme, ад лац. unio = аб’яднанне, адзінства)

імкненне да аб’яднання, зліцця (напр. палітычны у.); проціл. сепаратызм.

урбаніза́цыя

(фр. urbanisation, ад лац. urbanus = гарадскі)

1) працэс канцэнтрацыі насельніцтва і эканамічнага жыцця ў буйных гарадах;

2) распаўсюджанне гарадскога спосабу жыцця ў сельскай мясцовасці.

урбані́зм

(фр. urbanisme, ад лац. urbanus = гарадскі)

1) напрамак у літаратуры і мастацтве, аб’ектам якога з’яўляецца паказ гарадскога жыцця;

2) напрамак у архітэктуры, паводле якога гарады павінны развівацца без тэрытарыяльных абмежаванняў і шчыльна забудоўвацца вялікімі будынкамі.

уто́пія

(англ. utopia, ад гр. u = не + topos = месца)

1) пазбаўленае навуковага абгрунтавання вучэнне аб ідэальным грамадскім ладзе, а таксама літаратурны твор з паказам ідэальнага грамадскага ладу будучага;

2) нерэальны, неажыццявімы на практыцы план; фантазія, мара, якая не можа быць здзейснена.

утры́раваць

(фр. outrer)

падаваць у перабольшаным выглядзе, скажаць з’яву залішнім падкрэсліваннем аднаго якога-н. боку, рысы.

утыліза́цыя

(фр. utilisation, ад лац. utilis = карысны)

выкарыстанне чаго-н. з карысцю, напр. адходаў у якасці сыравіны, паліва, угнаення і інш.

утылі́та

(англ. utility)

сэрвісная праграма, якая аблягчае карыстанне іншымі праграмамі, працу з камп’ютэрам.

утыліта́рны

(фр. utilitaire, ад лац. utilitas = карысць)

1) прасякнуты імкненнем да матэрыяльнай выгады, карысці (напр. у. падыход да справы);

2) прыкладны, вузкапрактычны (напр. у-ыя веды).

утылітары́зм

(фр. utilitarisme, ад лац. utilitas = карысць)

1) напрамак у этыцы, які лічыць карысць асновай маральнасці і крытэрыем чалавечых паводзін;

2) перан. імкненне з усяго мець выгаду, карысць; дробязны практыцызм.