Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аклама́цыя

(лац. acclamatio = крык)

прыняцце або адхіленне сходам якой-н. прапановы без падліку галасоў, на падставе рэакцыі ўдзельнікаў сходу, што выяўляецца ў выгуках, розных рэпліках.

акліматыза́цыя

[ням. Akklimatisation, ад лац. ad = да + гр. klima, -atos = нахіл (сонечных прамянёў)]

1) прыстасаванне арганізмаў (раслін, жывёл, чалавека) да жыцця ў новых геаграфічных, пераважна кліматычных, умовах;

2) перан. прыстасаванне чалавека да жыцця, працы ў новым асяроддзі.

ако́рд

(іт. accordo = згода, сугучнасць)

1) спалучэнне некалькіх музычных гукаў рознай вышыні, якое ўспрымаецца як гукавое адзінства;

2) набор струн для смычковага або шчыпковага музычнага інструмента;

3) перан. дзеянне, якім што-н. завяршаецца (напр. заключны а.).

акраба́тыка

(фр. acrobatique, ад гр. akrobatikos = які лазіць угары)

від спартыўнай або цыркавой гімнастыкі, які ўключае скачкі, стойкі, перавароты, піраміды і іншыя фізічныя практыкаванні.

акрэдыта́цыя

(фр. accréditation, ад лац. accredere = давяраць)

афіцыйнае прызначэнне каго-н. прадстаўніком пры замежным урадзе, пасольстве, прэс-цэнтры або іншай міжнароднай арганізацыі.

акрэдыты́ў

(фр. accréditif, ад лац. accreditivus = даверны)

1) дакумент на права атрымання кім-н. пэўнай сумы грошай у банку;

2) від банкаўскага рахунку, паводле якога ажыццяўляюцца безнаяўныя разлікі.

акселера́цыя

(лац. acceleratio = паскарэнне)

1) паскоранае фарміраванне арганізма або асобных органаў;

2) імклівы рост, паскарэнне якога-н. працэсу (напр. каэфіцыент акселерацыі эканомікі).

аксесуа́ры

(фр. accessoires, ад лац. accessorium = дабаўленне)

1) тэатр. дробныя рэчы, прадметы сцэнічнага абсталявання;

2) перан. прыватнасці, другарадныя дэталі (у жывапісе, скульптуры, літаратуры);

3) дробныя прыналежнасці чаго-н. (напр. а. дамскага туалету).

аксігенатэрапі́я

(ад лац. oxygenum = кісларод + гр. therapeia = лячэнне)

штучнае ўвядзенне кіслароду ў арганізм чалавека з лячэбнай мэтай.

аксі́ды

(фр. oxydes, ад гр. oksys = кіслы)

злучэнні хімічных элементаў з кіслародам; вокіслы.