Няг̌е́г̌лы ’кволы, слабы; несамавіты’ (Касп.; Жд. 2; бялын., Янк. Мат.; Крыў., Дзіс.), няге́глымі ’нездаровы, слабы’ (Бяльк.), ніг̌е́г̌лы ’няўдалы, непаваротлівы’ (Цых., Сл. ПЗБ), сюды ж няг̌е́г̌а ’чалавек слабага здароўя’, няг̌е́г̌лік ’няздара, няўмека’ (Сл. ЦРБ), ’нямоглы, няўдалы, хворы чалавек’ (Янк. 3.), няге́гляццё ’нягеглае стварэнне’ (Юрч. Фраз. 1). Няясна. Існуе некалькі версій, якія не здаюцца дастаткова пераканальнымі. Талстой (Бел.-укр. ізал., 78) звязвае беларускія словы з укр. валын. г̌е́ги ’ногі’, балг. ге́га ’палка’, макед. гега ’доўгая пастухова палка’ і асабліва гегав ’крываногі, кульгавы’, гегало ’кульгавы, апушчаны чалавек; замухрышка’, гега (се) ’хадзіць кульгаючы, хістаючыся’ з семантычным развіццём ’хістацца’ — ’хадулі’ — ’палка’, ’хто хістаецца’ — ’кульгавы’ — ’замухрышка’ і ўзмацняльным ні‑ (не-), што ўрэшце ўзводзіцца да імітацыйнага (гука- і рухапераймальнага) кораня *geg‑, *gig‑, *gog‑, параўн. нягога (гл.). Мартынаў (пісьмова) збліжае з балг. як ’моцны, здаровы’, варыянт ягк (Гераў) < прасл. *jagъkъ, суадноснае з літ. jegús ’моцны, магутны’, рус. неяглый ’вялы’, на падставе чаго рэканструюецца *геглы < *еглы ’здаровы, моцны’ — l‑авы дзеепрыметнік ад балт.-слав. *jagti (⩽ літ. jėgti ’быць у стане, магчы’), што малаверагодна. Можна дапусціць сувязь з балтызмам ǧéǧa ’крэмень’ (гл.), што з’яўляецца сімвалам моцнага, трывалага (параўн. моцны, як крэмень), адкуль няг̌е́г̌а з процілеглым значэннем, аднак гэтаму пярэчыць вузкая тэрыторыя распаўсюджання зыходнага слова (Гродзеншчына, усходняя Беласточчына). Калі ўлічыць фанетычна і семантычна блізкія формы тыпу няге́длы ’недаразвіты, слабы’ (Мат. Маг.), няге́длый ’нягеглы, нездаровы, слабы’, ныге́длый ’нікчэмны’ (Сл. Брэс.) і асабліва неге́лда ’няўдаліца’ (Сцяшк. Сл.), то названыя словы можна вывесці з дзеясловаў тыпу г̌е́лдаць ’хутка есці, глытаць’ (гл.), г̌елдава́ць ’разумець’ (КСТ), параўн. таксама не́галда ’няўдалы, слабасільны, кволы’, якое лічыцца праблематычным балтызмам (гл.). Тураўскае неге́бны ’нягеглы, няўдалы’ можна звязаць з г̌ебнуць, г̌ег̌нуць ’загінуць, памерці’ (гл.), пры гэтым не мела б экспрэсіўна-ўзмацняльны характар, параўн. гродз. геблы ’дрэнны, шкодны’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апо́лец ’кавалак сала’ (Сцяц., Сцяшк.). Геаграфія ўказвае на магчымасць, а фанетыка (е замест усх.-слав. а) — на верагоднасць таго, што гэта запазычанне з польск. poleć кавалак сала’ з пратэтычным а‑. Усх.-слав.: бел. полць ’палавіна гусі, качкі; палоска сала, выразаная ўздоўж’ (Нас.), польць, пульць ’вялікі кавалак сала’ (Вешт.), полаць ’кавалак сала’, рус., укр. полоть, бел. палаток, рус., укр. полоток ’палавіна (частка) вэнджанай (соленай) тушы гусі і інш.’ Але наогул галосны ў слове полць, полаць не зусім ясны. У аполец ‑ец у выніку дээтымалагізацыі ўсведамляецца як суфікс. Сцяц. (Нар., 65) бачыць тут прэфіксальна-суфіксальнае ўтварэнне: а‑пол‑ец па тыпу азадак. Больш падыходзячым быў бы тып акраец; пры такой этымалогіі няясна, што такое *пол у тушы (аполец азначала б ’тое, што з боку — ’полу’), таму гэта версія здаецца менш верагоднай, чым тлумачэнне слова як запазычанага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асёлка ’радуга’ (Касп.), осело́к (ДАБМ, 902). Укр. оселка ’тс’. Безумоўна звязана з вясёлка, укр. веселка ’тс’. Аднак вакалізм пачатку ў паўднёвабеларускай і ўкраінскай формах сведчыць аб тым, што простым усячэннем пачатковага в‑ форму гэту вытлумачыць нельга. Магчыма, асёлка ’радуга’ кантамінацыйна звязана з асялок прылада для вастрэння’ (ад якой адлятаюць іскры, як, магчыма, маланкі, ва ўяўленні нашых продкаў, ад радугі). Магчыма, кантамінацыя тут адбывалася з о́сілкі ’(паўкруглая) ручка вядра’. Нельга выключыць і тое, што форма асёлка адлюстроўвае неабходнасць лічыць сучасную сувязь вясёлкавясёлы пазнейшай, магчыма, народнаэтымалагічнай, а старажытную назву радугі звязваць з словамі тыпу ст.-іран. asman ’неба’. Трэба, нарэшце, указаць на магчымую сувязь асёлкі ’радугі’ з асілкамі (гл.) або праз іскры, звязаныя з уяўленнямі пра каменную прыроду асілкаў (параўн. іх рэбры), або праз вобраз змяі (з якой звязана і радуга і асілкі). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахіне́я ’бязглуздзіца, выдумка’, укр. ахінея, рус. ахинея. Звычайна лічыцца т. зв. семінарысцкім словам, узнікшым на базе спалучэнняў тыпу «афинейские плетения», «ахинейская премудрость» сумбурная, цяжкая для зразумення прамова’ ад грэч. ἀθηνατος ’афінскі’ (з Афін), гл. Фасмер, 1, 97; Рудніцкі, 1, 43; паводле Шанскага, 1, А, 180, беларускае і ўкраінскае словы з рус. ахинея. Згодна з Вінаградавым (РР, н. с., 3 (1928), 28–46), ад хинить ’лаяць, ганьбіць’, хинь ’бязглуздзіца, глупства’ з адлюстраваннем на пісьме акання, што сведчыць пра паўднёварускае паходжанне слова (аднак пры гэтым не ўлічваецца, што зыходныя словы вядомы пераважна на паўночнай тэрыторыі). Па семантыцы бліжэй да царкоўнаславянскага (серб.) хынити ’хлусіць’, серб.-харв. хи́нити ’прытварыцца, быць няшчырым, хлусіць’, якія фанетычна адпавядаюць польск. chynąć, бел. хі́нуць ’сагнуць’, параўн. прастамоўе загнуць, загібаць, ’выдумляць, гаварыць бязглуздзіцу’, а таксама мсцісл. пускаць хі́нню ’марнатравіць’ (Юрч. Фраз. 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабачка ’матыль’ (Інстр. II). Рус. ба́бочка, укр. (бойк.) ба́бочка ’тс’. Памяншальная форма ад ба́бка (гл.), якая абазначала і розных насякомых. У аснове называння ляжыць уяўленне, што душа памершага (продка, бабулі) працягвае сваё існаванне ў выглядзе матыля. Як семантычную паралель параўн. рус. дыял. ду́шачка ’матыль’ (ад душа́), новагрэч. ψυχάρι ’матыль’ (< ψυχή ’душа’), лац. animula, animulus ’начны матыль’ (< anima ’душа’). Патабня, К истории, 4, 78; РФВ, 7, 69; Праабражэнскі, 1, 10; Фасмер, 1, 100. Але Махэк (Studie, 118 і наст.) лічыць, што справа ідзе аб уяўленні пра «бабу-чарадзейку» (з гэтым згаджаецца Важны, O jménech, 86, гл. таксама Лапацін, Этимология, 1963, 288, дзе прыводзяцца новыя семантычныя аргументы). Не пераконвае Ёль, Elern., 99 (слав. baba ’матыль’ — гэта народнаэтымалагічнае пераўтварэнне першапачатковай элементарнай «вобразнай» асновы тыпу pepe‑, якая маецца ў розных мовах; крытыку гл. Важны, O jménech, 86).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Боўдзіла1 ’жэрдка, якой заганяюць рыбу ў сетку’ (З жыцця). Не вельмі ясны шлях утварэння гэтага слова. Няясна нават, ад якой асновы можна вывесці гэту назву. Паколькі ‑іла ўказвае на аддзеяслоўнае паходжанне слова, а адпаведнага дзеяслова няма, то, можа, трэба думаць пра зыходнае *боўціла (да боўт ’рыбалоўная прылада’, гл.). Але і ў гэтым выпадку марфалогія слова астаецца няяснай. Можна, праўда, думаць пра нейкі зыходны дзеяслоў тыпу *боўдзець, *баўдзець, *баўдзіць, які меў бы гукапераймальны характар. Параўн. рус. дыял. балди́ть гультайнічаць; часта паўтараць адно і тое ж’. Але параўн. і ўкр. бовдур ’комін; густы дым, хмара; жэрдка ў рыбаловаў (!); дурань’. Параўн. яшчэ літ. дзеяслоў báldyti ’стукаць’ (інтэнсіўная форма ад bélsti ’тс’, гл. Фрэнкель, 39). Версія пра зыходнае *боўціла, здаецца, падтрымліваецца словам бо́ўціла ’лаянкавае слова’. Параўн. баўдзі́ла.

Бо́ўдзіла2 ’дурань’. Гл. баўдзі́ла.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Булдоўнік1 ’расліна Cirsium arvense, бадзяк палявы’ (гл. Кіс.). Напэўна, расліна так названа паводле сваіх круглых кветак-галовак. Параўн., напр., яе назвы ва ўкр. мове, якія адлюстроўваюць гэту прыкмету: головатник, наголоватень, наголоватка (Макавецкі, Sł. botan., 99). У бел. мове тут выступае тая ж аснова булд-, што азначае круглыя, пузатыя прадметы (гл. булд-, булдава́, булды́р, булды́га і г. д.) і ’сустракаецца ў іншых назвах раслін (гл. булдоўка). Менш верагоднай здаецца здагадка, што булд‑(оўнік) < *будл‑(оўнік) < *бодл‑(оўнік); параўн. укр. назвы для Cirsium arvense тыпу бодлак (ад бод‑ ’калоць’).

Булдоўнік2 ’расліна Pulsatilla patens L., сон раскрыты’ (Кіс.). Назва (аснова булд- ’штосьці круглае, збанкаватае, выпуклае’; гл. булд-, булдава́, булды́р, булды́га, а таксама іншыя назвы раслін: булдоўка гарлачык жоўты’ і булдоўнік ’бадзяк палявы’) паводле збан-кападобнай, як у цюльпана, кветкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вя́тка ’натоўп, гурт людзей, арцель, чарада’ (Гарэц., КСП, КТС, Нар. сл., Садоўскі, вусн. паведамл.). Рус. вятка ’тс’ (смал., Даль, пск., СРНГ); ’вячоркі’ (смал., Садкова, вусн. паведамл.). Слова з даволі вузкім арэалам распаўсюджання. Параўн., напрыклад, заўвагу Козырева: «Вятка… — специфически смоленская лексика» (Бел.-рус. ізал., 59). Недахоп даных прымушае выказаць толькі здагадку. Можна дапусціць, што гэта рэпрэзентацыя старой асновы jat‑ (‑iti) (параўн. серб.-харв. jȁtiti (se) ’збірацца’). Па форме (далучэнне пратэзы) гэта, у такім разе, утварэнне тыпу вячай, вятроўка (гл.). Да семантыкі параўн. паўднёваславянскую лексіку: серб.-харв. jȁto ’чарада, абшчына, брацтва’, славен. jȃta ’чарада, статак’, балг. ято ’чарада’ і да т. п., аб якіх гл. Скок, 1, 761. Вятка, такім чынам, дэмінутыў ад jat‑a або іначай суфіксальнае ўтварэнне ад дзеяслоўнай асновы jat‑. Усю праблематыку апошняга гл. пад ятка2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Даба́д ’лебедзь’ (Касп.). Трубачоў (Слав. языкозн., V, 178) мяркуе, што, відаць, гэта старое слова з цёмнай формай і, магчыма, праславянскае (праславянскі дыялектызм бел. мовы). Форма яго не дае ўпэўненасці ў тым, што яно звязана з прасл. *elbedь, *olbǫdь ’лебедзь’ (магчыма, паводле Трубачова, там жа. тут назіраецца табуістычная змена слова). Нягледзячы на тое што слова яўна дэфармаванае, можна меркаваць, што тут, магчыма, адбыліся фанетычныя змены (асіміляцыя): даба́д < лаба́д, а гэта ўжо значна бліжэй да магчымых прасл. форм; параўн. чэш. labuť, дыял. labudek, славац. labuť, labuď, labuda, польск. łabędź, серб.-харв. лабуд, славен. labod (параўн. Махэк₂, 316). Калі бел. дыял. дабад сапраўды з ранейшага *лаба́д ’лебедзь’, то гэта можа быць каштоўным сведчаннем таго, што ўсх.-слав. гаворкі мелі змешаны характар, г. зн. што ў іх маглі сустракацца элементы зах.-слав., а нават і паўд.-слав. тыпу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаўла́ць ’крычаць’ (Мат. Гом.), жаўні́ць ’паўтараць адно і тое’ (Касп.), жаўрі͡ети ’размаўляць, жартаваць’ (Бес.). Рус. перм., ярасл. жа́вля́ть ’жаваць, чаўкаць’, валаг. желва́чить бурчаць, лаяцца, прасіць’, наўг., алан., тамб., смал., валаг. желнить ’ціха, доўга гаварыць’, балг. дыял. жавре се, жевря се ’крыўляцца пры гаварэнні’, джевря(м) се ’скардзіцца’, чэш. želovati. У бел. гаворках прадстаўлены тры тыпы падаўжэння (‑l‑, ‑n‑, ‑r‑) і.-е. кораня *gōu‑, *gou̯‑, *gū‑ ’крычаць, клікаць’, адлюстраванага ў говар, гаварыць, гутарыць (гл.); пры чаргаванні галоснага о — е вынікаюць формы тыпу *geur‑, *geuər‑, адкуль журыцца (гл.), жаўрэць, а з іншымі падаўжэннямі жаўлаць, жаўніць. Параўн. яшчэ гом. жаўна ’крыклівае дзіця’. Гл. жаўна. Краўчук, Зб. Крапіве, 195–196; Супрун, Бюлетин за съпост. изследв., 1976, 5, 76. Іначай, як гукапераймальнае, тлумачыць балг. формы БЕР (t, 529), што мала верагодна, калі мець на ўвазе не ўлічаныя там паралелі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)