Няг̌е́г̌лы ’кволы, слабы; несамавіты’ (Касп.; Жд. 2; бялын., Янк. Мат.; Крыў., Дзіс.), няге́глымі ’нездаровы, слабы’ (Бяльк.), ніг̌е́г̌лы ’няўдалы, непаваротлівы’ (Цых., Сл. ПЗБ), сюды ж няг̌е́г̌а ’чалавек слабага здароўя’, няг̌е́г̌лік ’няздара, няўмека’ (Сл. ЦРБ), ’нямоглы, няўдалы, хворы чалавек’ (Янк. 3.), няге́гляццё ’нягеглае стварэнне’ (Юрч. Фраз. 1). Няясна. Існуе некалькі версій, якія не здаюцца дастаткова пераканальнымі. Талстой (Бел.-укр. ізал., 78) звязвае беларускія словы з укр. валын. г̌е́ги ’ногі’, балг. ге́га ’палка’, макед. гега ’доўгая пастухова палка’ і асабліва гегав ’крываногі, кульгавы’, гегало ’кульгавы, апушчаны чалавек; замухрышка’, гега (се) ’хадзіць кульгаючы, хістаючыся’ з семантычным развіццём ’хістацца’ — ’хадулі’ — ’палка’, ’хто хістаецца’ — ’кульгавы’ — ’замухрышка’ і ўзмацняльным ні‑ (не-), што ўрэшце ўзводзіцца да імітацыйнага (гука- і рухапераймальнага) кораня *geg‑, *gig‑, *gog‑, параўн. нягога (гл.). Мартынаў (пісьмова) збліжае з балг. як ’моцны, здаровы’, варыянт ягк (Гераў) < прасл. *jagъkъ, суадноснае з літ. jegús ’моцны, магутны’, рус. неяглый ’вялы’, на падставе чаго рэканструюецца *геглы < *еглы ’здаровы, моцны’ — l‑авы дзеепрыметнік ад балт.-слав. *jagti (⩽ літ. jėgti ’быць у стане, магчы’), што малаверагодна. Можна дапусціць сувязь з балтызмам ǧéǧa ’крэмень’ (гл.), што з’яўляецца сімвалам моцнага, трывалага (параўн. моцны, як крэмень), адкуль няг̌е́г̌а з процілеглым значэннем, аднак гэтаму пярэчыць вузкая тэрыторыя распаўсюджання зыходнага слова (Гродзеншчына, усходняя Беласточчына). Калі ўлічыць фанетычна і семантычна блізкія формы тыпу няге́длы ’недаразвіты, слабы’ (Мат. Маг.), няге́длый ’нягеглы, нездаровы, слабы’, ныге́длый ’нікчэмны’ (Сл. Брэс.) і асабліва неге́лда ’няўдаліца’ (Сцяшк. Сл.), то названыя словы можна вывесці з дзеясловаў тыпу г̌е́лдаць ’хутка есці, глытаць’ (гл.), г̌елдава́ць ’разумець’ (КСТ), параўн. таксама не́галда ’няўдалы, слабасільны, кволы’, якое лічыцца праблематычным балтызмам (гл.). Тураўскае неге́бны ’нягеглы, няўдалы’ можна звязаць з г̌ебнуць, г̌ег̌нуць ’загінуць, памерці’ (гл.), пры гэтым не мела б экспрэсіўна-ўзмацняльны характар, параўн. гродз. геблы ’дрэнны, шкодны’ (Сцяшк. Сл.).