эфі́р, ‑у, м.

1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — самы верхні, чысты і празрысты слой паветра; месцазнаходжанне багоў.

2. Вышыня, паветраная прастора. Я не слыхам — істотаю чую, Як, гайдаючы рэхам эфір, На світанні і ў поўнач глухую Не сціхае магутнае: — Мір! Глебка. // Паветраная прастора вакол зямнога шара, дзе распаўсюджваюцца радыёхвалі. Тройчы перадаваў старшыня ў эфір шыфроўку, тройчы пераходзіў на прыём, але адказу не было. Кухараў. Кожныя тры гадзіны метэаролагі радзіруюць у эфір пра стан надвор’я ў розных раёнах Беларусі. «Маладосць». У мой пакой прыйшлі яны [песні] з эфіру, прабіўшыся скрозь цемру і туман, — то смелы голас абаронцаў міру, то мужны голас слаўных парыжан. А. Вольскі.

3. (звычайна ў спалучэнні са словам «сусветны»). Паводле старых тэорый фізікі — своеасаблівае суцэльнае асяроддзе, якое нібыта напаўняе сабой усю сусветную прастору і дае магчымасць растлумачыць распаўсюджванне святла і электрамагнітных хваль. Навакола, у крупінках эфіру, носяцца частачкі матэрыі, складаюцца, дробяцца і родаяць новае ды новае ў бязмернасці вякоў... Гартны.

4. Спец. Арганічнае злучэнне (напрыклад, кіслот са спіртамі), якое з’яўляецца бясколернай лятучай вадкасцю з характэрным рэзкім пахам і выкарыстоўваецца ў медыцыне, тэхніцы, парфумерыі. Этылавы эфір. □ Прывязаўшы каня, веставы ўвайшоў у хату. Салодкі пах эфіру і крыві шыбануў у нос. Асіпенка.

[Грэч. aithēr.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эцю́д, ‑а, Мдзе, м.

1. У выяўленчым мастацтве — твор, які выконваецца з натуры, з’яўляецца першапачатковым накідам, эскізам, часткай кампазіцыйнага цэлага. Пісаць эцюд. □ Каля дзесятка менш значных эцюдаў і эскізаў былі выстаўлены ў мастацкім магазіне, што таксама гарантавала пэўныя шансы. Васілевіч. // толькі мн. (эцю́ды, ‑аў). Маляванне фарбамі з натуры для практыкавання, загатоўкі эскізаў. Пайсці на эцюды.

2. У музыцы — твор віртуознага характару для аднаго інструмента, а таксама высокамастацкае сачыненне для канцэртнага выканання. Фартэп’янныя эцюды Ліста. □ Кожны ўдзельнік выканаў адзін твор Баха, тры віртуозныя эцюды. «ЛіМ».

3. Практыкаванне (звычайна імправізацыйнага характару), якое служыць для развіцця і ўдасканальвання тэхнікі артыстычнага майстэрства ў студыі, кіно і пад. — Пакажы які-небудзь эцюд. — А што гэта такое? — пытаюся. Смяюцца. — Ну, якую-небудзь сцэнку з жыцця. Сяргейчык.

4. Невялікі твор навуковага, крытычнага і пад. характару, прысвечаны якому‑н. асобнаму пытанню. Якраз у гэты час, у перыяд актыўнай публіцыстычнай дзейнасці, пісьменнік ад празаічных эцюдаў пераходзіць да апавяданняў. Каваленка.

5. Шахматнае (шашачнае) заданне, якое заключаецца ў тым, каб выйграць або зрабіць нічыю пры пэўнай пазіцыі з невялікай колькасцю фігур. Шахматны эцюд. Шашачны эцюд. □ У эцюдзе выдатнага савецкага майстра Л. Кубеля галоўнай дзеючай асобаю быў ферзь белых. «Маладосць».

[Фр. étude.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Перавя́сла, пераве́со, перавёсла, перавясло́, пырывысло́ (і інш. фанетычныя варыянты) ’скрутак саломы, якім перавязваюць сноп’ (Нас., ТСБМ, Сцяшк. Сл., Выг., Шат., Касп., Мат. Гом., Ян., ТС, Сл. Брэс.; ЛА, 2), ’звязка лыка’ (слуц., КЭС), ’ручка ў вядры’ (Др.-Падб., Гарэц., Касп., Сл. ПЗБ), пырывысло́, перавя́сло ’пярэвітка, на якую кладуць жэрдкі ў плоце’ (брэсц., слуц., ЛА, 4). Укр. пере́ве́сло, рус. дыял. перевя́сло ’перевясла ў снапе; дужка вядра, кошыка; саламяная вяроўка для замацавання саломы на стрэхах’. Паводле Фасмера (3, 236), да пере‑ і вя́сло (гл. пера- і вясло́1), якое з прасл. *vęzslo. Махэк₂ (477) выводзіць укр. переве́сло з повере́сло́, суадносячы яго з прасл. *poverslo < *po‑verz‑slo. Гэтаксама Бязлай (3, 98). Аднак дадзеныя Грынчэнкі, узятыя ў Вярхрацкага, на якія спасылаюцца гэтыя аўтары, запісаны на крайнім захадзе ўкр. моўнай тэрыторыі, дзе магчымы ўплыў зах.-слав. моў. З другога боку, на карысць дапушчэння Махэка прамаўляе ‑е‑ ў складзе ‑ве‑ лексемы пере́ве́сло, а не ‑вʼя‑ (як у перевʼязати ’перавязаць’). Для ц.-слав. поврѣсло Трубачоў (Этимология–1972, 40) выводзіць прасл. форму *poverz‑slo. Гэтыя дзве формы з *po‑ (зах.- і паўд.-слав.) і *per (у асноўным, усх.-слав.) суіснуюць у кантамінаваных варыянтах на польскай моўнай тэрыторыі: powrósło (замест правільнай, фанетычна законнай формы powrzosło) і паўд. porwósło, вял.-польск. prowionsło, мазав. prowiąsło, катавіцка-кракаўскае przewiązło, пазн. powrząsło, аўгуст. przewiąslo (замест przewiązło), што дае падставу дапусціць архаічнасць форм *pervę(z)slo, povę(z)slo і *poverzlo (Банькоўскі, 2, 730, 739, 918).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мул1, стол. мыл, лід. мула́, саліг. муле́ц ’іл, глей на дне возера, ракі’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк., Яшк., Сл. ПЗБ, ЛАПП; слонім., гродз., пін., КЭС; стол., Бел. хр. дыял.; Сл. Брэс.), малар. ’незамярзаючае балота’ (Нар. лекс.), шчуч. ’балота’, жытк. ’ілістае месца’, стол. ’цякучы пясок пры капанні ямы’ (Яшк.), муль, муля́ка ’месца на балоце, дзе ўтвараецца цячэнне вады’ (палес., Талст.), му́ля ’твань, іл на дне ракі, сажалкі, возера’ (жабін., пруж., Сл. Брэс.; драг., Лучыц-Федарэц, З нар. сл.), ’гразь’ (бяроз., Шатал.; Выг. дыс.; пруж., Сл. ПЗБ). Укр. мул, на́мул, рус. мул, муль, польск. muł ’тс’, mulać ’валяць’, чэш. mula, славац. mul, славен. mȗlj, серб.-харв. му̑љму̑л). Прасл. mulъ. Роднаснымі да яго з’яўляюцца: літ. maulióti ’запэцкацца плачучы’, maumúlti ’запэцкацца брудам, засмаркацца’, з іншай ступенню чаргавання mùlti ’запэцкацца’, mùlinas ’чырвона-жоўты, гліністы, брудны’, лат. mula ’цёмна-брудны’, mólis ’гліна’, лат. mãls ’тс’, а таксама лац. mulleolus ’чырванаваты’, mulleus ’чырвоны, пурпурны’ (Буга, Rinkt, 1, 465–466; Брукнер, 348; Фрэнкель, 418; Фасмер, 3, 7; Махэк₂, 382; Мартынаў, Лекс. взаим., 168). Скок (2, 429) выводзіць прасл. mulъ з і.-е. *meu‑/*mou‑ ’вільготны’, якому ў балт. мовах адпавядае ўтварэнне з ‑ro‑, параўн. máuras ’раска’, ’брудны, запэцканы’.

Мул2 ’помесь кабылы і асла, Equus mulus’ (ТСБМ), ст.-бел. мулъ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. muł ’тс’, якое праз чэш. мову са ст.-в.-ням., с.-в.-ням. mûl < лац. mūlus ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 144; Брукнер, 348).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галка1 ’птушка’ (БРС, Касп., Нас., Бяльк.), таксама га́ліца ’тс’ (Нас., Шатал.), галі́ца (Бяльк.). Формы з суфіксам ‑к(а) толькі ўсх.-слав., і ў гэтым сэнсе мае рацыю Шанскі (1, Г, 16), прыводзячы ст.-рус. галъка, рус. га́лка, укр. га́лка, бел. га́лка ’тс’. Але паралельна з гэтым ёсць усх.-слав. рус. га́лица, бел. га́лі́ца, укр. га́лиця ’галка’, і такія формы адзначаюцца і ў іншых слав. мовах (балг. га́лица, серб.-харв. галица). У аснове ляжыць прасл. *galъ ’чорны’ (параўн. серб.-харв. гао). Іншая версія: уся група слоў утворана ад гукапераймальнага *gal‑. Гл. Фасмер, 1, 388–389.

Га́лка2 ’шарык, галушка’ (БРС, Нас., Сцяшк. МГ). Гэта слова, магчыма, мае дачыненне да групы слоў, якія Фасмер (1, 388) разглядае пад га́лка2, адносячы сюды рус. га́лка ’шкляны шар’, галу́шка, укр. га́лка, галу́шка, бел. га́лы ’вочы; ягадзіцы’, славен. gâłka ’чарнільны арэшак’, славац. hálka ’шарык; вярхушка вежы’, польск. gałka ’шар, набалдашнік’, gały ’вочы’, і якія быццам узяты з с.-в.-ням. Galle (< лац. galla). Фасмер мяркуе, што вывядзенне ўсёй гэтай групы слав. слоў з ням. крыніцы выклікае сумненне з прычыны разнастайнасці значэнняў слав. лексем і што, прынамсі, для часткі з іх трэба ставіць пытанне аб іх спрадвечна слав. паходжанні. Ст.-бел. кгалка, галка ’прадмет круглай формы’ запазычана непасрэдна з польск. мовы ў XVI ст. Гл. Булыка, Запазыч., 147. Аб запазычанні сведчыць выбухное г (кг) у гэтым слове.

Га́лка3 ’месца паміж кустамі, дзе расце трава’ (Яшкін). Гл. га́ліна2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́гва ’грыб Piptoperus або іншыя з сям’і Polyporaceae, губа; трут’ (бяроз., Шатал.; тураў., КСТ). Польск. żagiew ’грыб Polyporus’; параўн. рус. кастр., уладз., маск. жа́гра, жагара ’тс’ (СРНГ, Іванова), серб.-харв. же̑г ’трут’. Паводле Міклашыча (406), польск.славац. žahev, якое, аднак, не пацвярджаецца SSJ і Калалам) і рус. словы ўзыходзяць да слав. кораня *žeg‑. Гэта прымаюць Брукнер, 664; Фасмер, 2, 32–33. Гараеў (105) побач з гэтым прыводзіць балт. паралелі са значэннем ’галлё’ (гл. жага́ры), а Праабражэнскі (1, 220) адзначае няяснасць утварэння. Бел. і польск. формы ўказваюць на прасл. аснову на (параўн. Бернштэйн, Чередования, 232–234, дзе шэраг прыкладаў назваў раслін на *‑ū: *bruky, *bъty, *klʼuky, *bolgy ’баравік’ і інш.). Этымалогія і словаўтваральная мадэль слоў на *‑ū часта няясныя, шэраг з іх запазычаныя (*pigy, *bruky, *tyky), ёсць і аддзеяслоўныя (*stęgy ’раменьчык для абутку’ і інш.). Лучыц-Федарэц (Бел.-польск. ізал., 80–81) лічыць, што бел.-польск. паралель (Тарнацкі, Studia, к. 77) адлюстроўвае ўплыў балт. словаўтваральнай мадэлі (літ. degtùvas ’запал, запальнік’ пры dègti ’паліць’), што не зусім пераканаўча, бо не тлумачацца шляхі і магчымасці такога ўплыву. Паколькі пашырэнне слова паўн.-слав., магчыма, трэба ўлічыць рус. чага ’жагва’ < комі тшак ’тс’ (Фасмер, 4, 310; Мацвееў, Финно-угор. заимствования, 37), хаця слова вядома і на Палессі (Ніканчук, Матеріали, 62), а таксама суадносіны čs у фіна-ўгор. мовах (Основы финно-угорского языкознания, 122–124) пры пошуку крыніцы слав. кораня. Няясна. Ст.-бел. жакгва, жакгев ’галавешка, факел’ < польск. żagiew ’тс’ (Булыка, Запазыч., 112).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жада́ць ’хацець нешта зрабіць, зычыць’ (ТСБМ). Рус. дыял. жада́ть ’тс’, укр. жада́ти ’жадаць, дамагацца’, польск. żądać ’тс’, в.-луж. žadać ’дамагацца, хацець’, н.-луж. žedaś ’жадаць’, чэш. žádati, славац. žiadať ’дамагацца, жадаць’, балг. жадувам ’хацець’, макед. жеднее ’тс’, серб.-харв. же́ђати, жѐднети ’моцна хацець’, славен. žéjati ’хацець’. Ст.-слав. жѧдати ’мець смагу; моцна хацець’, ст.-рус. жадати ’тс’. Гэта значэнне замацавалася ў рус. мове за другаснай формай гэтага ж дзеяслова — стараславянізмам жаждаць. У бел. і ўкр. для перадачы такога значэння замацаваўся дзеяслоў прагнуць, прагнути. Гэта адзначыў ужо Бярында (36), перакладаючы жадаю ’прагну’. За дзеясловам жада́ць, жадати асталося значэнне ’моцна хацець’, суадноснае са значэннем рус. желать, якое не мае бел. і ўкр. паралелей, што ўказвае на магчымасць пэўнай семантычнай кантамінацыі. Пры станаўленні значэнняў слова жада́ць на бел. (і ўкр.) мову мела, відаць, уздзеянне польск. żądać, што адлюстравалася ва ўкр. жадати ’моцна хацець, вымагаць’ (як і ў польск.). Апошняе адценне не замацавана ў бел., дзе развілося спецыфічнае адценне значэння ’зычыць, выказваць добрыя пажаданні’. Прасл. *žęd‑ (з насавым інфіксам цяп. ч.) параўноўваецца з літ. gedáuti ’жадаць чагосьці, імкнуцца да чагосьці’, gedė́ti ’імкнуцца, тужыць’, а таксама шэрагам форм і.-е. моў з іншымі ступенямі чаргавання галосных. І.‑е. корань, відаць, *g​hedh‑ ’прасіць, хацець’. Фасмер, 2, 33; Скок, 3, 675; Махэк₂, 721; Брукнер, 663; Покарны, 1, 448. Траўтман (82), Фрэнкель (144) суадносяць літ. словы са слав. *žьdati ’чакаць’, якое ў Покарнага (1, 426–427) трапляе ў іншы корань *gheidh‑ з тым жа значэннем ’жадаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́жма1 ’вялікая колькасць’ (чавус., Нар. сл., 132), ’стос, шмат’ (Мат. Гом.), жу́шмо ’сноп, некалькі жмень (ільну, канапель)’, (Лексика Пол., 211–212), ’мера льну, вязка, вялікая колькасць’ (Сл. паўн.-зах.), жу́шма ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. смал. жу́шма ’вялікая колькасць’, укр. жу́жмом ’у пераблытаным выглядзе; разам, вялікай колькасцю’, ляшск. žižmo ’вялікая колькасць’. Параўн. славен. žúželj, žušelj ’жмут’. Паводле Сцяцко (Афікс. наз., 54), жужма ад жужаць з суфіксам ‑ма са зборным значэннем. Махэк₂ (729) таксама лічыў, што тут сувязь з жужэць, а першаснае значэнне тыпу ’рой’. Але такое тлумачэнне не ўлічвае значэння ’мера льну’, якое цалкам, верагодна, было першасным: пераход ад ’вязка льну’ да ’вялікая колькасць’ зразумелы. Яно прадстаўлена, відаць, у слове жма ’процьма’, дзе на ўзнікненне значэння ’вялікая колькасць’ магло ўздзейнічаць слова цьма. Вывесці значэнне ’мера льну’, наадварот, ад значэння ’мноства’ цяжка. Параўн. і жужма2. Пачатковае жу‑ можа быць вынікам паўтарэння ‑ж‑ у корані ‑жма. Калі ўлічыць жулёмак ’некалькі жмень ільну’ (гл.), магчыма ў жу‑ бачыць рэфлекс кораня *geu, што меў значэнне ’сціскваць, згінаць’. Не выключана і кантамінацыя слова тыпу жма са словам, якое мела значэнне ’мноства’ і было звязана з жужэць (* < geu‑), напр., рус. дыял. жужг ’насякомыя; смецце’. Але шэраг слоў мае элемент жу‑ ў значэнні ’вязка’ і да т. п. Параўн. журжах1, жужалкі, жушмень.

Жу́жма2 ’неахайная жанчына’ (Сл. паўн.-зах.). Відаць, пераноснае ад значэння жужма1 ’вязка льну, сноп’. Але параўн. яшчэ польск. żużmant ’народная сукенка (з XVIII ст.)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кіда́ць ’кідаць, пакідаць’ (Нас., Яруш., Касп., Ян., ТС), ’садзіць (бульбу)’ (Ян., Шат.), ’складаць стог’ (Выг., Маш., КЭС, лаг.), ’пакідаць на гадоўлю’ (Жд. 2). Укр. кидати, рус. кидать ’тс’, ст.-слав. искыдати ’выкідваць’, балг. кидам ’кідаць’, кина ’рваць’, серб.-харв. ки̏дати ’рваць, чысціць’, славен. kidati ’выкідваць, ачышчаць’, польск. kidać ’кідаць’ (польск. kidać мае яшчэ значэнне ’капаць, пра густую вадкасць’), чэш. kydati ’кідаць (гной)’, славац. kydať ’тс’, в.-луж. kidać ’высыпаць, выліваць, раскідаць (гной)’, н.-луж. kidaś ’тс’. Бліжэйшыя індаеўрапейскія паралелі: ст.-ісл. skióta ’кідаць, страляць’, ст.-англ. scēotan ’тс’, ст.-в.-ням. sciozan ’кідаць; страляць; хутка рухаць’. Гэта супастаўленне дазваляе аднавіць і.-е. *(s)keu̯d‑. Прасл. kydati — ітэратыў ад *kud‑. Аднак супраць гэтай рэканструкцыі іншыя паралелі: літ. šáuti ’страляць; штурхаць; хутка рухаць’, лат. saũt ’хутка рухаць у вызначаным напрамку’, saut ’страляць’, літ. šáudyti ’страляць (шматразовае дзеянне)’, šaudỹkle ’страла’. Супастаўленне дзвюх лексічных груп сведчыць аб іх роднаснасці, але тады мы павінны вызначыць два варыянты архетыпа: *(s)keu̯d‑ і *(s)k̑eu̯, якія, аднак, можна аб’яднаць у *(s)k̑eu̯(d), дзе d‑, магчыма, суфікс асновы цяперашняга часу, якая замяніла старую атэматычную аснову. У гэтым выпадку наглядаецца рэгулярная рэфлексацыя індаеўрапейскага пачатку *(s)k̑ як (s)k або (Мартынаў, Слав. акком., 156). Параўн. Покарны, 955–956; Фасмер, 2, 230; Слаўскі, 2, 137; ЕСУМ, 2, 429–430.

Кідаць ’уводзіць аснову ў бёрда’ (Нар. сл.), кідаць у бёрда ’працягваць у бёрда ніткі асновы’ (Жыв. сл.), кідаць у ніт ’працягваць праз ніт ніткі асновы’ (Жыв. сл., КЭС, лаг.). Гл. кі́даць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Адлі́га (Касп., Нас., КТС, БРС, Гарэц., Мат. АС Грод.), адліг, атліг (Бяльк.), отлʼига (КСТ), адлега ’адліга, аблягчэнне’ (Гарэц., Янк. I, Бір., КТС, Бяльк., Касп., Шат., КЭС), атлега (Мядзв.), одлыга (Клім.). Укр. відліга, відлега, відліж, польск. odliga, odliż, odelga. Зыходзячы з мяркуемай генетычнай сувязі прасл. lьga, lьzě (гл. льга, лёгкі) і польск. zima lga ’лёгкая зіма’, dziś je lgo ’сёння не замерзла’ (Зубаты, Studie, 1, 1, 61), можна думаць аб адзіным паходжанні слоў адліга, адлега і лёгкі (гл. Рудніцкі, 415). Але лінгвагеаграфія сведчыць хутчэй на карысць балтыйскага паходжання ці ўплыву. Асабліва паказальная польская тэрыторыя (гл. Купішэўскі, Słown., карта 12), дзе пры дамінацыі odwilż на краях арэала сустракаюцца таксама odliga, otliga, odliż і odelga. Іншыя славянскія тэрыторыі не ведаюць гэтага слова. Што датычыць балтыйскага арэала, то ў літоўскай мове маем шэраг слоў, магчыма, семантычна кантамінаваных: atlésti ’адпускаць’ — ãtlydis, àtlyda ’адліга’, atlýžti ’змякчыцца, адыйсці’ — àtlyža ’адліга’, atlė́gti ’адпусціць’ — àtlėga ’адліга’. Усе яны этымалагічна не звязаныя, але ствараюць адзінае семантычнае поле, узмоцненае марфолага-акцэнтуацыйным падабенствам. У якасці непасрэднай крыніцы запазычання можна спаслацца на літ. atlė́gti ’адпусціць (аб марозе)’ і àtlėga ’адліга’. Параўн. марос атлʼох (Бір. дыс.) і літ. šal̃tis atlė́go. Тады варыянт адлега — першасны, варыянт адліга ўзнік на яго аснове. Параўн. усх.-палес. одлʼегаць ’вымакаць’ і одліглы ’вымаклы’ (КСТ). Магчыма, варыянт адліга ўзнік пад уплывам дзеяслова ліць. Так, Свобада (Зб. Унбегаўну, 246) параўноўвае адліга з абліваха (гл.). Генетычная сувязь, аднак, тут выключана (гл. Мартынаў, SlW, 66–67).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)