эфі́р, ‑у, м.

1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — самы верхні, чысты і празрысты слой паветра; месцазнаходжанне багоў.

2. Вышыня, паветраная прастора. Я не слыхам — істотаю чую, Як, гайдаючы рэхам эфір, На світанні і ў поўнач глухую Не сціхае магутнае: — Мір! Глебка. // Паветраная прастора вакол зямнога шара, дзе распаўсюджваюцца радыёхвалі. Тройчы перадаваў старшыня ў эфір шыфроўку, тройчы пераходзіў на прыём, але адказу не было. Кухараў. Кожныя тры гадзіны метэаролагі радзіруюць у эфір пра стан надвор’я ў розных раёнах Беларусі. «Маладосць». У мой пакой прыйшлі яны [песні] з эфіру, прабіўшыся скрозь цемру і туман, — то смелы голас абаронцаў міру, то мужны голас слаўных парыжан. А. Вольскі.

3. (звычайна ў спалучэнні са словам «сусветны»). Паводле старых тэорый фізікі — своеасаблівае суцэльнае асяроддзе, якое нібыта напаўняе сабой усю сусветную прастору і дае магчымасць растлумачыць распаўсюджванне святла і электрамагнітных хваль. Навакола, у крупінках эфіру, носяцца частачкі матэрыі, складаюцца, дробяцца і родаяць новае ды новае ў бязмернасці вякоў... Гартны.

4. Спец. Арганічнае злучэнне (напрыклад, кіслот са спіртамі), якое з’яўляецца бясколернай лятучай вадкасцю з характэрным рэзкім пахам і выкарыстоўваецца ў медыцыне, тэхніцы, парфумерыі. Этылавы эфір. □ Прывязаўшы каня, веставы ўвайшоў у хату. Салодкі пах эфіру і крыві шыбануў у нос. Асіпенка.

[Грэч. aithēr.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)