Жа́гва ’грыб Piptoperus або іншыя з сям’і Polyporaceae, губа; трут’ (бяроз., Шатал.; тураў., КСТ). Польск. żagiew ’грыб Polyporus’; параўн. рус. кастр., уладз., маск. жа́гра, жагара ’тс’ (СРНГ, Іванова), серб.-харв. же̑г ’трут’. Паводле Міклашыча (406), польск. (і славац. žahev, якое, аднак, не пацвярджаецца SSJ і Калалам) і рус. словы ўзыходзяць да слав. кораня *žeg‑. Гэта прымаюць Брукнер, 664; Фасмер, 2, 32–33. Гараеў (105) побач з гэтым прыводзіць балт. паралелі са значэннем ’галлё’ (гл. жага́ры), а Праабражэнскі (1, 220) адзначае няяснасць утварэння. Бел. і польск. формы ўказваюць на прасл. аснову на *ū (параўн. Бернштэйн, Чередования, 232–234, дзе шэраг прыкладаў назваў раслін на *‑ū: *bruky, *bъty, *klʼuky, *bolgy ’баравік’ і інш.). Этымалогія і словаўтваральная мадэль слоў на *‑ū часта няясныя, шэраг з іх запазычаныя (*pigy, *bruky, *tyky), ёсць і аддзеяслоўныя (*stęgy ’раменьчык для абутку’ і інш.). Лучыц-Федарэц (Бел.-польск. ізал., 80–81) лічыць, што бел.-польск. паралель (Тарнацкі, Studia, к. 77) адлюстроўвае ўплыў балт. словаўтваральнай мадэлі (літ. degtùvas ’запал, запальнік’ пры dègti ’паліць’), што не зусім пераканаўча, бо не тлумачацца шляхі і магчымасці такога ўплыву. Паколькі пашырэнне слова паўн.-слав., магчыма, трэба ўлічыць рус. чага ’жагва’ < комі тшак ’тс’ (Фасмер, 4, 310; Мацвееў, Финно-угор. заимствования, 37), хаця слова вядома і на Палессі (Ніканчук, Матеріали, 62), а таксама суадносіны č — s у фіна-ўгор. мовах (Основы финно-угорского языкознания, 122–124) пры пошуку крыніцы слав. кораня. Няясна. Ст.-бел. жакгва, жакгев ’галавешка, факел’ < польск. żagiew ’тс’ (Булыка, Запазыч., 112).