эцюд, ‑а, М ‑дзе, м.

1. У выяўленчым мастацтве — твор, які выконваецца з натуры, з’яўляецца першапачатковым накідам, эскізам, часткай кампазіцыйнага цэлага. Пісаць эцюд. ▪ Каля дзесятка менш значных эцюдаў і эскізаў былі выстаўлены ў мастацкім магазіне, што таксама гарантавала пэўныя шансы. Васілевіч. // толькі мн. (эцюды, ‑аў). Маляванне фарбамі з натуры для практыкавання, загатоўкі эскізаў. Пайсці на эцюды.

2. У музыцы — твор віртуознага характару для аднаго інструмента, а таксама высокамастацкае сачыненне для канцэртнага выканання. Фартэп’янныя эцюды Ліста. ▪ Кожны ўдзельнік выканаў адзін твор Баха, тры віртуозныя эцюды. «ЛіМ».

3. Практыкаванне (звычайна імправізацыйнага характару), якое служыць для развіцця і ўдасканальвання тэхнікі артыстычнага майстэрства ў студыі, кіно і пад. — Пакажы які-небудзь эцюд. — А што гэта такое? — пытаюся. Смяюцца. — Ну, якую-небудзь сцэнку з жыцця. Сяргейчык.

4. Невялікі твор навуковага, крытычнага і пад. характару, прысвечаны якому‑н. асобнаму пытанню. Якраз у гэты час, у перыяд актыўнай публіцыстычнай дзейнасці, пісьменнік ад празаічных эцюдаў пераходзіць да апавяданняў. Каваленка.

5. Шахматнае (шашачнае) заданне, якое заключаецца ў тым, каб выйграць або зрабіць нічыю пры пэўнай пазіцыі з невялікай колькасцю фігур. Шахматны эцюд. Шашачны эцюд. ▪ У эцюдзе выдатнага савецкага майстра Л. Кубеля галоўнай дзеючай асобаю быў ферзь белых. «Маладосць».

[Фр. étude.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)