Ірда́нь ’рэлігійны абрад асвячэння вады’ (Бяльк.), ’месца, дзе ў дзень богаяўлення асвячаюць ваду’ (Нас.). Рус. иорда́нь ’месца на рацэ, дзе праводзяць асвячэнне вады і некаторыя царкоўныя святы’, дыял. ’вадохрышча’, ’палонка’, ирда́н, ирда́нь ’месца на рацэ, возеры ці сажалцы для царкоўнага абраду асвячэння вады’, ’палонка’, ’чысты ручай, крыніца’, ерда́нь ’палонка’, укр. дыял. йрда́нь ’месца на рацэ, дзе асвячаюць ваду ў дзень богаяўлення’. У рускай пісьменнасці иердань, иордань, ердань ’палонка з памостам і часовай капліцай для вяршэння абраду асвячэння вады і купання’ з XVI ст. Утворана ад назвы ракі Іардан (грэч. Ἰορδάνης), у якой, паводле евангельскага падання, хрысціўся Іісус Хрыстос. Гл. Фасмер, 2, 23.
Ірдзе́ль ’чырванашчокі, чырванатвары’ (Нас., Гарэц., Яруш., Бяльк.), ’пыхаючы здароўем’ (Нас., Касп.), ’чырвань’ (Др.-Падб.), ирдзе́нь ’чырванашчокі, чырванатвары, часцей аб мужчыне’ (Нас.). Утворана суфіксам ‑ель ад ірдзець (гл.) (Карскі, 1, 262) ці ад ірдзяны, як таусцель, крывель, гарбель і да т. п. (Сцяцко, Афікс. наз., 98).
Ірдзе́ст, рдзест ’вадзяная кветкавая расліна з доўгім сцяблом і невялікім, звычайна падводным лісцем; урэчнік’ (ТСБМ), дрост, драсён ’расліна Polygonum L.’ (Байк. і Некр.). Рус. рдест, укр. рдест, рде́сник ’тс’, де́рес ’расліна драсён, Polygonum’, польск. rdest, drest ’расліна Nectris’, в.-луж. drěst, drósi ’расліна Bidens tripartita’, н.-луж. drest ’ірдзест, Potamogeton natans L., Polygonum persicaria L.’, чэш. rdesno, rdest ’расліна Polygonum’, славац. уст. rdest, rdesno ’ірдзест Potamogeton’, славен. rdésen ’расліна драсён, Polygonum’, серб.-харв. дресан ’расліна Polygonum persicaria’. Бел. ірдзест з прыстаўным і‑ з рус. рдест, якое з польск. rdest. Праславянская форма рэканструюецца неадназначна. Фасмер (3, 452) прапануе як магчымую праформу *rъdъstъ, адкуль звычайна збліжэнне з *rъděti, *rъdja (гл. ірдзець, іржа 1), Міклашыч, 284; Брукнер, 455. Найбольш верагодна рэканструкцыя *drěstъ, *drěstьnъ (першапачаткова прыметнік), звязаных з дзеясловам *dristati, паколькі корань раслін сямейства ірдзеставых выкарыстоўваецца як страўнікавы сродак; параўн. рус. завязный корень, животный корень, серб.-харв. желудњак і да т. п. (Мяркулава, Очерки, 41–42; Трубачоў, Эт. сл., 5, 110–111). Махэк₂ (510), Jména rostl. (86), Голуб-Копечны (310) зыходзяць з першапачатковага *nerstъ і звязваюць з нерастам. Іншыя версіі (збліжэнне з грэч. ῥοδον ’роза’ і г. д.) гл. Фасмер, там жа.
Ірдзе́ць, ірдзе́цца ’вылучацца сваім ярка-чырвоным колерам; чырванець’ (ТСБМ, Шат.), ірдзі́цца ’тс’ (Гарэц.), ірдзе́цца ’чырванець, гарэць чырванню; чырванець, наліваючыся кроўю (твар) ад злосці’ (Янк. II), ірдзі́ць ’злавацца’ (Мат. Маг.). Рус. рдеть, рде́ться ’чырванець’, укр. рди́тися ’гарачыцца’, чэш. rdíti se ’чырванець’, славен. rdeti ’тс’. Ст.-слав. рьдѣти сѧ ’чырванець’, ст.-рус. ръдѣтисѧ ’чырванець’, ’быць румяным, квітнеючым’, ’чырванець, саромецца’. Прасл. *rъděti узыходзіць да і.-е. кораня *reudh‑/*roudh‑ ’чырвоны’; параўн. лац. rubēre, ст.-в.-ням. irrotên ’чырванець’ (падрабязней агульны і.-е. фон гл. іржа 1). Гл. Покарны, 1, 872–873; Фасмер, 3, 453; КЭСРЯ, 386; Махэк₂, 510; Голуб-Копечны, 310; Бахіліна, История цветообозначений, 125–134, дзе шлях семантычнага развіцця ў рускай мове. З іншым вакалізмам гл. руда, руды, рыжы.