Руды́ ’ружова-карычневы’ (ТСБМ), ’карычневы’ (докш., Янк. Мат.), рудава́ты ’трохі руды, не зусім руды’ (ТСБМ), рудова́ты ’карычневы, рыжаваты’ (ТС), руды́ ’рыжы’ (мазырск., З нар. сл.), руды́й ’нябелены’ (Сл. Брэс.), ’колер нябеленага палатна, загарэлага цела, светла-русы колер валасоў, поўсці’ (Клім.). Укр. руди́й ’руды’, рус. дыял. ру́дый ’крывава-чырвоны’, польск. rudy ’рыжы’, в.-луж. rudy ’буры’, чэш. rudý ’чырвоны, рыжы’, славен. rûd ’чырвоны, карычневы’, серб.-харв. ру̂д ’рыжаваты’, балг., макед. руд ’буры’. Прасл. *rudъ(jь) ’рыжы; чырвоны’ роднаснае да літ. raudónas ’чырвоны’, raũdas ’чырвоны, буланы’, rùdas ’буры’, лат. raũds ’чырвоны, рыжаваты, карычневы’, гоцк. rauþs ’чырвоны, рыжы’, ст.-в.-ням. rōt (сучаснае ням. rot), ст.-інд. rṓhitas ’чырвоны, рыжаваты’, лац. rūfus ’чырвоны’, ruber ’тс’, грэч. ἐρυθρός ’чырвоны’, якія выводзяць з і.-е. *roudh‑o‑s ’чырвоны’ (Фасмер, 3, 513; Глухак, 532).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)