Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Іржа́1 ’чырвона-буры налёт на паверхні жалеза; прымесь вокіслаў жалеза ў балотнай вадзе; жоўта-аранжавыя плямы на паверхні раслін’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Бяльк.), іржаве́ц, іржа́віньня ’тс’ (Бяльк.), іржаві́нне ’балота з іржавай вадой’ (ТСБМ, Нас.), іржаве́ць. Рус. ржа, ржа́вчина, дыял. иржа́ ’ржа’, иржа́вец ’топкае месца, якое змяшчае многа жалезнай руды’, ’балота з жоўта-бурай вадой’, укр. ржа, іржа́, польск. rdza, в.-луж. zerz, zerzawc, н.-луж. rza, ст.-чэш. rzě, чэш. rez, славац. hrdza, славен. rja, серб.-харв. р̀ђа, балг. ръжда́, макед. ʼрѓа. Ст.-слав. ръжда, ст.-рус. ръжа. Пачатковае і‑ пратэтычнае. Прасл. *rъdja роднаснае літ. rùdas ’буры’, rūdìs ’іржа’, лат. ruds ’чырванаваты’, ст.-інд. rudhirās ’чырвоны, крывавы’, грэч. ερυθρός ’чырвоны’, ἐρυθρός ’іржа (на хлебе)’, лац. ruber ’чырвоны’, гоц. rauþs ’тс’, с.-в.-ням. rot ’іржа’; узыходзяць да і.-е. *reudh/*roudh‑ ’чырвоны’. Гл. Покарны, 1, 872–873; Махэк₂, 513; Фасмер, 3, 480, дзе іншая літ-ра. На іншай ступені чаргавання гл. ірдзець, руда, руды.

Іржа́2 ’жыта’ адзначана толькі ў слоўніку Бялькевіча (агульнабел. жыта), аднак прыметнік іржаны́, аржаны́ (гл.) пашыраны па усёй беларускай тэрыторыі. Вытворнае іржа́ніца ’жытняк’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. рожь, укр. рож, польск. reż, в.-луж. rož, rožka, н.-луж. rež, палаб. råz, чэш. rež, славац. raž, славен. , серб.-харв. ра̑ж, балг. ръж, макед. ʼрж. Беларуская форма з пратэзай і‑. Прасл. *rъžь мае дакладныя адпаведнікі ў балтыйскіх і германскіх мовах: літ. rugỹs, лат. rudzis, ст.-прус. rugis, ст.-ісл. rugr, ст.-сакс. roggo. Гл. Фасмер, 3, 493–494; Праабражэнскі, 1, 210–211; Махэк₂, 513. Версія пра запазычанне з цюркскіх ці фінскіх моў (Шрадар–Нерынг, 2, 266) непераканаўчая. Агляд іншых прапаноў гл. Фасмер, там жа.

Іржа́нішча ’ржаное поле’ (Шат.). Утворана сцяжэннем састаўной назвы іржаное поле з суф. ‑ішча; параўн. ільнянішча.

Іржа́ць ’абзывацца ржаннем (пра каня); гучна, нястрымана смяяцца, рагатаць’ (ТСБМ, Бяс., Нас., Шат., Касп., Сцяшк. МГ), ірза́ць (Гарэц., Бяльк., Касп., Шат., Жд. 2), іржа́нне ’крык каня, конскі голас; гучны, нястрыманы рогат’ (ТСБМ, Нас.), ірза́ньня ’тс’ (Бяльк.). Рус. ржать, дыял. смал., зах.-бранск. иржа́ть, ирза́ть, укр. ржати, іржати, польск. rżeć, чэш. ržáti, славац. erdžať, hržať, славен. rzati, серб.-харв. р̏зати, макед. ʼржи. Ст.-слав. ръзати, ст.-рус. ръзати, ръжати. Беларуская форма з прыстаўным і‑. Прасл. *rъzati: ‑ž‑ пад уплывам форм цяп. ч. *rьžǫ. Бліжэйшыя паралелі: грэч. ἐρυγόντα, ἐρύγμηλος ’равучы’, лац. rūgiō, ‑īre, с.-ірл. rucht ’роў, выццё’, узыходзяць да і.-е. reug̑‑ (Покарны, 1, 867). Дзеяслоў гукапераймальнага характару. Гл. Праабражэнскі, 1, 201–202; Брукнер, 478; Махэк₂, 528; Фасмер, 3, 480–481. Параўн. рыкаць. Значэнне ’смяяцца’ другаснае, утворанае ад значэння ’абзывацца ржаннем (пра каня)’; параўн. аналагічную семантычную структуру слав. *regotati (гл. рагатаць). Семантычна адрозніваюцца иржа́ць ’настойліва, назойліва прасіць, патрабаваць, дабівацца’ (Нас.), ірза́ць ’дурэць, гойсаць, сваволіць’ (Юрч.). Мяркулава (Этимология, 1974, 63) звязвае гэтыя значэнні са страчаным семантычным звяном ’знаходзіцца ў перыядзе цечкі’, вядомым шмат якім славянскім дзеясловам гукапераймальнага характару. Старая семантыка захавалася ў н.-луж. ryžaś ’знаходзіцца ў перыядзе цечкі’, ’скакаць, бегаць, лютаваць’, ryžaty ’шумны, юрлівы, які знаходзіцца ў перыядзе цечкі’, ’моцна жадаючы чаго-н., прагны да чаго.-н.’; параўн. аналагічную семантычную трансфармацыю в.-луж. rjut ’спешка; моцнае жаданне’ (*ruja ’цечка’).

Іржы́шча ’астаткі сцяблоў ад зжатага збожжа на полі; зжатае поле’ (ТСБМ, Нас., Мал., Гарэц., Грыг., Бяльк., Касп., Шат., Сцяшк. МГ, Сл. паўн.-зах.). Рус. ржи́ще, укр. ржа́нище, польск. rżysko, в.-луж. ržišćo, н.-луж. ržyšćo, чэш. režniště, režnisko, славац. ražnište, ražnisko, славен. ržišče, серб.-харв. ра̏жӣште, макед. ʼржиште, ст.-рус. ръжище. Праславянскае вытворнае з суф. ‑išče ад *rъžь (гл. іржа2). З іншай суфіксацыяй: іржэ́нне (Мат. Маг., Сл. паўн.-зах.) з суф. ‑энн‑е; іржэ́ўнік (ТСБМ, Касп., Шат., Янк. II; парыц., Янк. Мат., 165) з фармантам э́ўнік па ўзору гарбузоўнік, гуркоўнік, бульбоўнік (Сцяцко, Афікс. наз., 171).