Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Іл 1 ’адкладанні найдрабнейшых часцінак мінеральных і арганічных рэчываў на дне вадаёмаў’ (ТСБМ). Рус. ил ’тс’, дыял. церск., уладз. ’гліна’, дан. ’топкая балотная гразь’, урал. ’вельмі мелкі наждак, падобны на рачны ці азёрны іл’, польск. ił ’гліна’, в.-луж. jił ’гліна, гразь’, чэш. jíl ’гліна’, славац. íl ’тс’, славен. íl ’іл, гліна’, серб.-харв. уст. il ’гліна’ (XVI ст.), балг. ил ’іл, ціна’, ст.-слав., ст.-рус. илъ ’гліна, іл’. Прасл. *jьlъ (старая ŭ‑аснова, параўн. ст.-бел. иловатыи, рус. дыял. илова́й ’мелкая і балоцістая затока’, ’балота, багна’, славен. ílovica ’гліна, суглінак’, серб.-харв. и̏ловача ’гліна’, балг. иловица ’багністая глеба’, макед. иловица ’гліна’) звязваюць з лат. īls ’вельмі цёмны’, грэч. ΐλΰς, р. скл. ‑ύος ’іл, ціна, гразь’ < і.-е. *īlu‑. Гл. Бернекер, 1, 424; Фасмер, 2, 126; Покарны, 1, 499; Безлай, 1, 209; Трубачоў, Эт. сл., 8, 221–222, дзе іншая літ-ра.

Іл 2 ’крухмал’ (віц., полац., Нар. сл., 94, 198). Семантычны перанос паводле спосабу прыгатавання, калі крухмал адкладваецца падобна ілу; параўн. рус. смал. ил ’бульбяны крухмал’, калін. ’хлебны іл, хлебная гушча, якая застаецца пасля варкі піва’.

Іла́га ’яловы лес, ельнік’ (в.-дзвін., Нар. сл., 146). Ад ель (гл.) з нерэгулярным суф. ‑аг‑а. Гл. Сцяцко, Афікс. наз., 207.

Ілга́ць ’гаварыць няпраўду; выдумваць, хлусіць’ (ТСБМ), іўга́ць (Бяльк.). Рус. лгать, зах.-рус. илга́ть, польск. łgać, в.-луж. łhać, н.-луж. łdhaś, łgaś, палаб. lȧzĕs, чэш. lháti, славац. lhať, славен. lagati, серб.-харв. ла̀гати, балг. лъ̀жа, макед. лаже. Ст.-слав., ст.-рус. лъгати, ст.-бел. илгати, лгати. І‑ мае пратэтычны характар (Карскі, 1, 262). Прасл. *lъgati, *lъžǫ мае дакладныя адпаведнікі ў герм. мовах: гоц. liugan ’ілгаць’, ст.-в.-ням. liogan ’тс’, lugî ’хлусня’ < і.-е. *leugh‑. Гл. Покарны, 1, 686–687; Бернекер, 1, 751; Фасмер, 2, 469; Слаўскі, 5, 119–122. Іншыя і.-е. паралелі выклікаюць сумненні: ст.-літ. łúginaité ’здрадніцкі’ (Атрэмбскі, LP, 1, 138), літ. lūgoti ’прасіць’, лат. lùgt ’тс’ (Мюленбах-Эндзелін, 2, 517–518; Покарны, 1, 686–687). Гл. ілгун, ілжа, ілжэц.

Ілгу́н, ілгу́ння ’непраўдзівы чалавек, выдумшчык, хлус’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас., Яруш.). Рус. лгун. Утворана ад ілгаць (гл.) з суф. ‑ун паводле мадэлі маўкун, гаварун, вяртун, ядун і г. д. (Сцяцко, Афікс. наз., 68). Параўн. ілжэц.

Ілжа́ ’няпраўда, выдумка, хлусня’ (ТСБМ). Рус. ложь, укр. лжа, польск. łeż, уст. і дыял. łga, в.-луж. łža, н.-луж. łdža, чэш., славац. lež, славен. laž, серб.-харв. ла̑ж, балг. лъжа́, макед. лага, ст.-слав., ст.-рус. лъжь, лъжа, ст.-бел. лож, лжя. І‑ мае пратэтычны характар. Прасл. *lъgja ўтворана ад дзеяслова *lъgati (гл. ілгаць) з суф. ‑j‑a.

Ілжэ́ц ’ілгун’ (Грыг.). Рус. лжец, укр. лжець. Улічваючы адзінкавасць бел. прыкладу, можна меркаваць аб уплыве рус. лжец, утворанага ад ложь (гл. ілжа) суфіксам ‑ец; параўн. ілгун.

Ілі́ць ’ухіляцца, рабіць выкруты; круціцца, быць неспакойным; моцна дамагацца, настойваць’ (Нас.), ’круціцца’ (Гарэц.). Рус. юли́ть, дан. и́лить ’падаваць мяч у гульні’. Найбольш верагодна этымалагічная сувязь з віць (гл.); параўн. віліць, віляць. Не выключана таксама магчымасць супастаўлення з вір 1, вірыць (гл.). Іншыя тлумачэнні слова юлить у рус. мове выклікаюць пярэчанні фармальнага і семантычнага характару; гл. крытычныя заўвагі Фасмера (4, 529–530). Гл. ілка.

І́лка ’лапта, дзіцячая гульня з мячом’, ’палка, якой б’юць мяч у гульні ў лапту’ (Бяльк.; Рам., 8, 576). Ад іліць (гл.) з суф. ‑к‑а, які характарызуе прадмет паводле яго прызначэння.

Ілкну́ць ’глынуць’ (Нас.). Пратэза і‑. Гл. лыкаць.

Іллёў воз ’сузор’е Вялікай Мядзведзіцы’ (Касп.). Ад Ілья (грамавержац) + воз (гл.).