Іл 1 ’адкладанні найдрабнейшых часцінак мінеральных і арганічных рэчываў на дне вадаёмаў’ (ТСБМ). Рус. ил ’тс’, дыял. церск., уладз. ’гліна’, дан. ’топкая балотная гразь’, урал. ’вельмі мелкі наждак, падобны на рачны ці азёрны іл’, польск. ił ’гліна’, в.-луж. jił ’гліна, гразь’, чэш. jíl ’гліна’, славац. íl ’тс’, славен. íl ’іл, гліна’, серб.-харв. уст. il ’гліна’ (XVI ст.), балг. ил ’іл, ціна’, ст.-слав., ст.-рус. илъ ’гліна, іл’. Прасл. *jьlъ (старая ŭ‑аснова, параўн. ст.-бел. иловатыи, рус. дыял. илова́й ’мелкая і балоцістая затока’, ’балота, багна’, славен. ílovica ’гліна, суглінак’, серб.-харв. и̏ловача ’гліна’, балг. иловица ’багністая глеба’, макед. иловица ’гліна’) звязваюць з лат. īls ’вельмі цёмны’, грэч. ΐλΰς, р. скл. ‑ύος ’іл, ціна, гразь’ < і.-е. *īlu‑. Гл. Бернекер, 1, 424; Фасмер, 2, 126; Покарны, 1, 499; Безлай, 1, 209; Трубачоў, Эт. сл., 8, 221–222, дзе іншая літ-ра.
Іл 2 ’крухмал’ (віц., полац., Нар. сл., 94, 198). Семантычны перанос паводле спосабу прыгатавання, калі крухмал адкладваецца падобна ілу; параўн. рус. смал. ил ’бульбяны крухмал’, калін. ’хлебны іл, хлебная гушча, якая застаецца пасля варкі піва’.