Іллёў воз ’сузор’е Вялікай Мядзведзіцы’ (Касп.). Ад Ілья (грамавержац) + воз (гл.).
Іллі́ барада́ ’нязжаты касмык жыта, які пакідалі на полі’ (Інстр. II). У рускіх вядома абазначэнне апошняй жмені каласоў «Волосу на бородку», у сербаў божја брада (Б. А. Рыбакоў, Язычество древних славян, 1981, 425). Рэлікт старога язычніцкага абраду, дзе імя Ілья сведчыць аб больш познім хрысціянскім напластаванні. З Ілья і барада (гл.); параўн. лібарада.
Іллі́нка ’грушавае дрэва, плады якога паспяваюць к Ільіну дню, 20 ліпеня’ (Нас.); параўн. рус. бранск. ильи́нка ’гатунак груш, паспяваючых к Ільіну дню’, серб.-харв. ѝлӣњача ’грушы і яблыкі, якія паспяваюць к Ільіну дню’, балг. или́нкы ’тс’. Утворана сцяжэннем словазлучэння Іллін дзень з суф. ‑к‑a, які шырока выкарыстоўваецца ў назвах гатункаў яблык і груш (антонаўка, віноўка, цукроўка і г. д.).
Ілля́к ’лівень’ (Жд. 2). Відаць, кантамінацыя імя Ілья з дзеясловам ліць (гл.); параўн., з аднаго боку, формы іллю́ (Нас.), зах.-бранск. илли́ть ’ліць’, з другога, народныя ўяўленні аб залішняй вільгаці на Ільін дзень (прыдзе Ілья, прынясе гнілля). Утварэнне з суф. ‑як па ўзору імжак, буяк ’моцны вецер’, мігак ’маланка’ (Сцяцко, Афікс. наз., 24).