Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Імаве́рны ’праўдападобны, магчымы, верагодны’, імаве́рнасць (ТСБМ, Гарэц.). Рус. дыял. имове́рный, имове́рность, имове́рие ’тс’, укр. імові́рний ’магчымы’, уст. ’даверлівы’, імові́рність. Ст.-рус. имовѣрный ’пэўны, верагодны’, имовѣрство, имовѣрие, першая фіксацыя ў Книгах Законных… XII–XIII стст. (спіс XV ст.). Ст.-слав., ст.-рус. имати вѣроу з’яўляецца ў евангеллях для перадачы грэч. πιστεύειν. Беларуская лексема генетычна звязана са ст.-рус. имовѣрный, словаўтваральнай калькай грэч. εὔπιστος; параўн. аналагічную структуру ст.-рус. достоиновѣрный < ст.-слав. достоиновѣрьнъ, калька грэч. ἀξιόπιστο (Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 174).

Імасць уст. ’форма ветлівага звароту’ (ТСБМ, БРС, Гарэц.), іран. ’пра жонку блізка знаёмага субяседніка’ (ТСБМ), ’важная асоба’ (Марц.), імо́сценька ’ваша міласць’ (Касп.). Сюды ж імо́стачка ’галубка, сястрычка’ (Некр., 223) як форма ветлівага звароту з суф. ‑ачк‑а. Запазычанне з польск. imość < jejmość < jej miłość ’яе міласць’ (Слаўскі, 1, 452); параўн. ягомасць. Імысь ’пападдзя’ (Оч. В. Бел., 1893, 152) — далейшая ступень скарачэння з канкрэтызацыяй семантыкі.

Іма́ць ’браць, прымаць’, ’мець’ (Байк. і Некр.), ’браць, хапаць’, ’біць’, ’мець’ (Нас.), ’браць, мець, перахапіць’ (Др.-Падб.), ’браць, мець, разумець’ (Гарэц.), імя́ць ’браць’ (Касп.), іма́цца ’брацца’, ’разумець’ (Нас.). Рус. дыял. има́ть ’браць’, ’лавіць, хапаць’, ’уладаць, мець’, ’мець намер, жаданне рабіць што-н.; хацець’; укр. іма́ти ’браць, узяць, злавіць, хапаць, схапіць’ (Грынч.), польск. уст. imać ’браць, хапаць’, в.-луж. jimać ’чапаць, хапаць’, н.-луж. jimaś ’браць, хапаць’, палаб. jaimăt ’хапаць, лавіць’, чэш. jímati ’браць, хапаць’, славац. jímať ’мець’, серб.-харв. ѝмати ’тс’, балг. и́мам ’тс’, макед. има ’тс’. Ст.-слав. имати ’хапаць, схопліваць, лавіць, збіраць’, ст.-рус. имати ’браць, збіраць, здабываць, захопліваць’, ст.-бел. имати ’мець; браць; лічыць, прымаць’ (Скарына). Ступень чаргавання да мець (гл.). Прасл. ітэратыў *jьmati () утвораны ад *ęti, *jьmǫ (параўн. няць, узяць), якое ўзыходзіць да і.-е. *em‑; параўн. літ. imù, im̃ti, лат. jęmu, jem̃t, ст.-прус. īmt, лац. emō, emere з тоеснай семантыкай; гл. Бернекер, 1, 425; Фасмер, 2, 128; Слаўскі, 1, 450–451; Трубачоў, Эт. сл., 6, 71; 8, 224–225; Тапароў, 3, 47–49. У апазіцыі *ęt‑*jьmati бачаць адбітак семантычнага супрацьпастаўлення стану (’мець, уладаць’) і актыўнага дзеяння (’браць, захопліваць’); гл. Шанскі, 2, I, 54; Скок, 1, 716 і Безлай, 1, 210, дзе семантычныя паралелі.

Імбі́р ’трапічная травяністая расліна з мясістым коранем, багатым на эфірны алей’ (ТСБМ), інбе́р (Бяльк.). Ст.-бел. имберъ (имбаръ, имбиръ, инберъ, инкберъ) 1498 г. < ст.-польск. imbier, inbir, ingbier < с.-в.-ням. ingebër, ingewër, imbër < лац. zingiber < с.-грэч. ζυγγίβερις < ст.-інд. śr̥ñgaveram (літаральна ’рогападобны’); гл. Булыка, Лекс. запазыч., 150; Слаўскі, 1, 451. Для рус. имби́рь, инби́рь, укр. імби́р таксама пасрэднік польская мова (Праабражэнскі, 1, 271; Фасмер, 2, 129); з польск. і літ. im̃bieras (Скарджус, Slav., 84).

Імбры́чак ’чайнік для заваркі чаю’ (ТСБМ, БРС, Бяльк., Арх. Бяльк., Сцяшк. МГ, Касп., Мат. Гом., Гарэц., Інстр. I; В. В., 114), індры́чак (гом., Нар. слова, 160). З польск. памянш. imbryczek ’чайнік’ (літ. im̃brikas, укр. імбрик < польск. imbryk); у польскую мову слова трапіла з тур. ibrik, адкуль таксама серб.-харв. ѝбрӣк ’збан для вады’, балг. ибри́к ’збан для ўмывання’, макед. ибрик ’збан’; тур. ibrik < перс. ābrīzāb ’вада’ і rithen ’ліць’). Гэта пасудзіна мела першапачаткова рытуальнае значэнне ў мусульманскім рэлігійным абрадзе, гл. Слаўскі, 1, 452; Скок, 1, 704; БЕР, 2, 2.

Імгла́ ’дробны дождж, імжа’, ’туман, смуга’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк. МГ, Яруш., Інстр. I), імла́ (Кліх., Сцяшк. МГ, Мат. Гродз.); параўн. зах.-бранск., смал. имгла́ ’тс’. Рус. мгла, укр. мла, імла́, польск. mgła, в.-луж., н.-луж. mła, палаб. ḿåglă, чэш. mlha, уст. і дыял. mhla, славац. hmla, славен. megla, серб.-харв. ма̀гла, балг. мъгла́, макед. магла, ст.-слав., ст.-рус. мьгла — усе са значэннем ’туман, смуга’. Прасл. *mьgla ўзыходзіць да і.-е. *meigh‑ ’станавіцца цёмным’ (параўн. міг) з фармантам ‑l‑ (гл. Мейе, Études, 418); параўн. генетычна роднасныя літ. miglà, лат. migla, грэч. ὀμίχλη, алб. mjégullë ’туман’, нідэрл. miggelen ’імжэць’, ст.-інд. mih‑ ’дождж’, mēghás ’воблака’, авест. maēγa‑ ’тс’, перс. mēγ‑ ’тс’, арм. mēg ’туман’, англа-сакс. mist ’тс’. Гл. Покарны, 1, 712; Праабражэнскі, 1, 518; Фасмер, 2, 587–588; Махэк₂, 368; Скок, 2, 353. Беларуская лексема з пратэтычным і‑; форма імла са спрашчэннем кансанантнай групы. Гл. імгліць, імжа1.

Імглі́ць, імглі́цца ’імжэць’ (ТСБМ), імлі́ць (Сцяшк. МГ), імле́ць (Сцяц.) са стратай ‑г‑ у кансанантнай групе; форма і́ліць (Бяльк.), відаць, пад уплывам дзеяслова ліць. Рус. дыял. мглить, польск. mglić, mgleć, в.-луж. miholić, чэш. mlholiti, mrholiti, славац. hmliť sa, славен. megliti se, серб.-харв. ма́глити се, балг. мъгле́я се, макед. магли се. Прасл. дзеяслоў на ‑iti ад *mьgla (гл. імгла), суадносны з імжыць (гл.).

Імгне́нне ’міг, момант’ (ТСБМ, Яруш.). З польск. mgnienie, таго ж кораня, што і міг (гл.), з пратэзай і‑. Вядома яшчэ ў старабеларускай мове XVI ст. як кампанент выразу въ мгненіи ока («Катэхізіс» С. Буднага).

І́менна. З рус. и́менно (у пісьменнасці з XVI ст.), утворанага ад ст.-рус. именьныи ’ўласны’ (гл. імя); параўн. ням. namentlich (Фасмер, 2, 129; КЭСРЯ, 176).

Іме́нне ’імя, мянушка, прозвішча’ (ТСБМ, Нас.), іме́ньня (дзісн., Нар. сл., 113), мэньне (стол., Нар. лексіка, 126); параўн. рус. смал. и́ме́нье, укр. іме́ння, йме́ння. Утворана ад асновы ўскосных склонаў імен‑ (гл. імя) з суф. ‑j‑e.