Імбі́р ’трапічная травяністая расліна з мясістым коранем, багатым на эфірны алей’ (ТСБМ), інбе́р (Бяльк.). Ст.-бел. имберъ (имбаръ, имбиръ, инберъ, инкберъ) 1498 г. < ст.-польск. imbier, inbir, ingbier < с.-в.-ням. ingebër, ingewër, imbër < лац. zingiber < с.-грэч. ζυγγίβερις < ст.-інд. śr̥ñgaveram (літаральна ’рогападобны’); гл. Булыка, Лекс. запазыч., 150; Слаўскі, 1, 451. Для рус. имби́рь, инби́рь, укр. імби́р таксама пасрэднік польская мова (Праабражэнскі, 1, 271; Фасмер, 2, 129); з польск. і літ. im̃bieras (Скарджус, Slav., 84).
Імбры́чак ’чайнік для заваркі чаю’ (ТСБМ, БРС, Бяльк., Арх. Бяльк., Сцяшк. МГ, Касп., Мат. Гом., Гарэц., Інстр. I; В. В., 114), індры́чак (гом., Нар. слова, 160). З польск. памянш. imbryczek ’чайнік’ (літ. im̃brikas, укр. імбрик < польск. imbryk); у польскую мову слова трапіла з тур. ibrik, адкуль таксама серб.-харв. ѝбрӣк ’збан для вады’, балг. ибри́к ’збан для ўмывання’, макед. ибрик ’збан’; тур. ibrik < перс. ābrīz (з āb ’вада’ і rithen ’ліць’). Гэта пасудзіна мела першапачаткова рытуальнае значэнне ў мусульманскім рэлігійным абрадзе, гл. Слаўскі, 1, 452; Скок, 1, 704; БЕР, 2, 2.