Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Імша́ ’каталіцкая абедня’ (ТСБМ, БРС, Яруш., Шат.). І‑ пратэтычнае. Ст.-бел., мша, имша (канец XV ст.) запазычана са ст.-польск. msza < ст.-чэш. mše, якое ўзыходзіць да ст.-в.-ням. missa, mëssa з лац. missa (Булыка, Лекс. запазыч., 183; Брукнер, 347).

Імша́нік ’уцепленае памяшканне для зімоўкі пчол’ (ТСБМ), рус., укр. омша́ник ’тс’. Ад імшаны з суф. ‑ік; гл. мох, амшалы.

Імша́ра ’мохавае балота’ (ТСБМ, Касп.), ’зараснік’ (Яруш.), імша́р (Др.-Падб.) ’месца, дзе расце толькі арэшнік’ (Жд. 2), імшары́на ’невялікі ўчастак мохавага балота сярод поля або лесу’, імша́рнік ’мохавае балота’ (парыц., Янк. Мат., 165). Рус. дыял. мша́ра, мша́рина, мша́рник, польск. mszar. Магчыма, запазычанне з польск. mszar ’мохавае балота’. Але можна дапусціць і паралельнае ўтварэнне беларускага і польскага слоў. Беларуская суфіксацыя ‑ына, ‑нік; прыстаўное і‑. Гіст. мовы (II, 137) разглядае як уласнабеларускае ўтварэнне пачатку XX ст. Гл. мох.

Імша́рнік, імша́р ’махавік’ (стол., Жыв. сл., 189; Нар. лексіка, 125). Утворана ад імшара (гл.) з суф. ‑нік ці ад *імшарны суф. ‑ік. Назва паводле месца росту; параўн. махавік, рус. болотовик і да т. п.

Імша́рніца ’Andromeda polifolia’ (БРС, Кіс., БелСЭ). Утворана ад імшара (гл.) з суф. ‑ніца. Назва абумоўлена тым, што андрамеда расце на балотах; параўн. рус. дыял. мошни́к, мша́нка, укр. мшедь, польск. mszak.

Імшарэ́ць ’шарэць’ (Жд. 3). Відаць, у выніку кантамінацыі з імшара (гл.) ад шарэць.

Імшы́ць1 ’перакладваць мохам’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Шат., Гарэц., Янк. III; маг, Янк. Мат., 28), рус. мшить (у рускай пісьменнасці имшити з 1705 г.), укр. імши́ти, мши́ти (Грынч.), польск. mszyć. Ад мох (гл.) з прыстаўным і‑.

Імшы́ць2 ’шукаць’ (Жд. 2). Аказіяналізм, узнікшы, відаць, у выніку семантычных пераўтварэнняў. Магчыма, звязана з мох (гл.) з зыходнай семантыкай ’шукаць (ці хаваць?) у моху’. Няясна.

Імшэ́ль ’дробны дождж’ (Мат. Гом.). З *імжэ́ль; параўн. зах.-бранск. имже́ль ’тс’. Утварэнне з суф. ‑эль ад імжыць (гл.).

Імшэ́нь ’пограб’ (Бяльк.). Утворана суфіксам ‑энь ад імшыць (гл.).