Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

І́мпарт ’увоз у якую-н. краіну тавараў з-за мяжы’ (ТСБМ). Запазычанне з англ. import праз рус. мову ў XX ст. (Шанскі, 2, I, 60).

Імпера́тар. Ст.-бел. императоръ (з пачатку XVII ст.) запазычана з польск. imperator, дзе з лац. imperator ад imperare ’кіраваць, загадваць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 26; SWO, 300). Тым жа шляхам імпе́рыя з лац. imperia. Для рус. импера́тор, импе́рия польская — таксама мова-пасрэднік (Фасмер, 2, 129; Шанскі, 2, I, 58, 59).

Імперыялі́зм. Крыніцай можа быць польская ці руская мова, дзе ў XIX ст. з англ. imperialism (Шанскі, 2, I, 58).

І́мпэ́т ’разгон, парывістасць, імклівасць, напор, націск’ (ТСБМ, БРС, Касп., Бяльк., Нас., Гарэц., Яруш.), ’пах, дух’ (ТСБМ), ’ахвота, жаданне’ (Бір. Дзярж., Бяльк.), ’выбух, паветраны штуршок, выбухная хваля’ (Касп.; брэсц., Жыв. сл., 164), ’энергія чалавека’ (брэсц., Жыв. сл., 164), и́мпэтъ, и́нпэтъ ’цяжкі дух’ (Мал.), і́мпа́т ’паветра, пах, спецыфічны дух’ (Сцяц.; стаўб., Жыв. сл., 71), ’парыў (паветра)’ (Сцяц.), ’цяжкі дух, смурод’ (слонім., Нар. лексіка, 52); параўн. зах.-бранск. и́мпет, и́нпет ’напор, напружанне; цяжкае паветра, цяжкі дух’ (Растаргуеў, Бранск.). Ст.-бел. импетъ ’напор, націск’ (1674 г.) з польск. impet < лац. impetus ’парыў, разбег, напор’ (Булыка, Запазыч.; SWO, 300). Няма падстаў лічыць, што лексема была забыта і зноў увайшла ў бел. мову ў пачатку XX ст. (як Гіст. лекс., 259). З польскай таксама рус. дыял. и́мпет ’удар, напор, імклівасць; ударная сіла’ (у рускай пісьменнасці з 1718 г., Біржакова, Очерки, 363), укр. і́мпет ’моцны націск, парыў, сіла’. У сучасных беларускіх гаворках семантычны аб’ём слова значна пашырыўся. Схему семантычнага развіцця, відаць, можна ўявіць такім чынам: ’парыў’ → ’парыў (паветра)’ → ’паветра’ → ’пах, дух’ → ’цяжкі дух, смурод’. Далейшая ступень канкрэтызацыі — імпа́т ’адзежа з-пад хворага’ (Жд. 2), дзе семантычны перанос звязаны, напэўна, са спецыфічным пахам адзення хворага чалавека.