Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Іравы́й ’яравы’ (Бяльк.). Гл. яравы.

І́рад ’мучыцель, кат’ (ТСБМ), и́род ’вораг, бязбожны чалавек; скупы, скнара; няверны, яўрэй’ (Нас.), и́родка ’бязбожная жанчына’ (Нас.), и́рода ’яўрэй’ (Мядзв.). Рус. и́род ’мучыцель, кат’, дыял. ’скупы’, укр. і́род ’бязлітасны, жорсткі чалавек, кат’, и́род ’ліхадзей, чорт’ (Грынч.). Ад імені цара Іудзеі Ірада (грэч. Ηρώδης), які паказваецца ў Евангеллі жорсткім, бязлітасным чалавекам (Фасмер, 2, 139; Шанскі, 2, I, 114).

Ірва́лка ’машына, якая бярэ (вырывае) лён’ (Янк. III). Утворана ад ірваць, (гл.) суфіксам ‑лк‑а па ўзору малаціла, абівалка, мяшалка і да т. п. (Сцяцко, Афікс. наз., 51).

Ірва́ць1, рваць ’вырываць, зрываць; разрываць’ (ТСБМ, Нас., Шат.), ірва́цца, рва́цца ’разрывацца, узрывацца; старацца вызваліцца, вырвацца’ (ТСБМ, Нас.), ’крычаць’ (Юрч. Сін., 231), ’кідацца’ (Нас.). Рус. рвать, дыял. ирва́ть, укр. ірва́ти, рва́ти, польск. rwać, в.-луж. rwać, н.-луж. rwaś, палаб. råvat, чэш. rváti, славац. rváť, славен. ruvati, rvati ’вырываць’, серб.-харв. р̀вати се ’змагацца’, балг. ръ́вам, ръ́фам ’кусаць, ірваць’. Ст.-слав., ст.-рус. ръвати ’рваць, зрываць’. Пачатковае і‑ мае пратэтычны характар. Прасл. *rъvati, *rujǫ генетычна роднаснае літ. ráuti, raúju ’вырываць’, ravė́ti, raviù ’палоць’, лат. ravêt ’тс’, ст.-інд. rávati ’разбівае, дробіць’, грэч. ἐρυσίχθων ’разграбаючы зямлю’, лац. ruō, ‑ere ’разрываць, раскопваць’. rutrum ’рыдлёўка’, ірл. ruam ’жалязняк, рыдлёўка’, якія ўзыходзяць да і.-е. *reu‑ ’разрываць, рыць’. Гл. Покарны, 1, 868; Праабражэнскі, 1, 187–189; Брукнер, 470; Фасмер, 3, 452 (з літ-рай). Махэк₂ (526) рэканструюе і.-е. *rou‑mi < *rouə‑mi з зыходнай семантыкай ’вырываць з зямлі’. Параўн. рыць.

Ірва́ць2 ’ванітаваць’ (ТСБМ, Бяльк., Касп.). Аддзеяслоўны назоўнік ірво́та (Нас., Касп., Мат. Гом.); параўн. рус. рвать ’ванітаваць’ — рвота. Ад ірваць1 (гл.).

Ірга́ ’Amelanchier Medik’. (Кіс.). Запазычанне з манг. irgai, калм. jarɣä ’хмызняк з вельмі цвёрдай драўнінай’ (Фасмер, 2, 137) праз рус. мову, адкуль таксама ўкр. ірга́, польск. irga.

Іргі́ня ’вяргіня, кветкавы куст і сама кветка’ (Бяльк.). Ад вяргіня (гл.) з фанетычнымі зменамі ў пачатку слова.

Ірда́нь ’рэлігійны абрад асвячэння вады’ (Бяльк.), ’месца, дзе ў дзень богаяўлення асвячаюць ваду’ (Нас.). Рус. иорда́нь ’месца на рацэ, дзе праводзяць асвячэнне вады і некаторыя царкоўныя святы’, дыял. ’вадохрышча’, ’палонка’, ирда́н, ирда́нь ’месца на рацэ, возеры ці сажалцы для царкоўнага абраду асвячэння вады’, ’палонка’, ’чысты ручай, крыніца’, ерда́нь ’палонка’, укр. дыял. йрда́нь ’месца на рацэ, дзе асвячаюць ваду ў дзень богаяўлення’. У рускай пісьменнасці иердань, иордань, ердань ’палонка з памостам і часовай капліцай для вяршэння абраду асвячэння вады і купання’ з XVI ст. Утворана ад назвы ракі Іардан (грэч. Ἰορδάνης), у якой, паводле евангельскага падання, хрысціўся Іісус Хрыстос. Гл. Фасмер, 2, 23.

Ірдзе́ль ’чырванашчокі, чырванатвары’ (Нас., Гарэц., Яруш., Бяльк.), ’пыхаючы здароўем’ (Нас., Касп.), ’чырвань’ (Др.-Падб.), ирдзе́нь ’чырванашчокі, чырванатвары, часцей аб мужчыне’ (Нас.). Утворана суфіксам ‑ель ад ірдзець (гл.) (Карскі, 1, 262) ці ад ірдзяны, як таусцель, крывель, гарбель і да т. п. (Сцяцко, Афікс. наз., 98).

Ірдзе́ст, рдзест ’вадзяная кветкавая расліна з доўгім сцяблом і невялікім, звычайна падводным лісцем; урэчнік’ (ТСБМ), дрост, драсён ’расліна Polygonum L.’ (Байк. і Некр.). Рус. рдест, укр. рдест, рде́сник ’тс’, де́рес ’расліна драсён, Polygonum’, польск. rdest, drest ’расліна Nectris’, в.-луж. drěst, drósi ’расліна Bidens tripartita’, н.-луж. drest ’ірдзест, Potamogeton natans L., Polygonum persicaria L.’, чэш. rdesno, rdest ’расліна Polygonum’, славац. уст. rdest, rdesno ’ірдзест Potamogeton’, славен. rdésen ’расліна драсён, Polygonum’, серб.-харв. дресан ’расліна Polygonum persicaria’. Бел. ірдзест з прыстаўным і‑ з рус. рдест, якое з польск. rdest. Праславянская форма рэканструюецца неадназначна. Фасмер (3, 452) прапануе як магчымую праформу *rъdъstъ, адкуль звычайна збліжэнне з *rъděti, *rъdja (гл. ірдзець, іржа1), Міклашыч, 284; Брукнер, 455. Найбольш верагодна рэканструкцыя *drěstъ, *drěstьnъ (першапачаткова прыметнік), звязаных з дзеясловам *dristati, паколькі корань раслін сямейства ірдзеставых выкарыстоўваецца як страўнікавы сродак; параўн. рус. завязный корень, животный корень, серб.-харв. желудњак і да т. п. (Мяркулава, Очерки, 41–42; Трубачоў, Эт. сл., 5, 110–111). Махэк₂ (510), Jména rostl. (86), Голуб-Копечны (310) зыходзяць з першапачатковага *nerstъ і звязваюць з нерастам. Іншыя версіі (збліжэнне з грэч. ῥοδον ’роза’ і г. д.) гл. Фасмер, там жа.

Ірдзе́ць, ірдзе́цца ’вылучацца сваім ярка-чырвоным колерам; чырванець’ (ТСБМ, Шат.), ірдзі́цца ’тс’ (Гарэц.), ірдзе́цца ’чырванець, гарэць чырванню; чырванець, наліваючыся кроўю (твар) ад злосці’ (Янк. II), ірдзі́ць ’злавацца’ (Мат. Маг.). Рус. рдеть, рде́ться ’чырванець’, укр. рди́тися ’гарачыцца’, чэш. rdíti se ’чырванець’, славен. rdeti ’тс’. Ст.-слав. рьдѣти сѧ ’чырванець’, ст.-рус. ръдѣтисѧ ’чырванець’, ’быць румяным, квітнеючым’, ’чырванець, саромецца’. Прасл. *rъděti узыходзіць да і.-е. кораня *reudh‑/*roudh‑ ’чырвоны’; параўн. лац. rubēre, ст.-в.-ням. irrotên ’чырванець’ (падрабязней агульны і.-е. фон гл. іржа1). Гл. Покарны, 1, 872–873; Фасмер, 3, 453; КЭСРЯ, 386; Махэк₂, 510; Голуб-Копечны, 310; Бахіліна, История цветообозначений, 125–134, дзе шлях семантычнага развіцця ў рускай мове. З іншым вакалізмам гл. руда, руды, рыжы.