Ірдзе́ст, рдзест ’вадзяная кветкавая расліна з доўгім сцяблом і невялікім, звычайна падводным лісцем; урэчнік’ (ТСБМ), дрост, драсён ’расліна Polygonum L.’ (Байк. і Некр.). Рус. рдест, укр. рдест, рде́сник ’тс’, де́рес ’расліна драсён, Polygonum’, польск. rdest, drest ’расліна Nectris’, в.-луж. drěst, drósi ’расліна Bidens tripartita’, н.-луж. drest ’ірдзест, Potamogeton natans L., Polygonum persicaria L.’, чэш. rdesno, rdest ’расліна Polygonum’, славац. уст. rdest, rdesno ’ірдзест Potamogeton’, славен. rdésen ’расліна драсён, Polygonum’, серб.-харв. дресан ’расліна Polygonum persicaria’. Бел. ірдзест з прыстаўным і‑ з рус. рдест, якое з польск. rdest. Праславянская форма рэканструюецца неадназначна. Фасмер (3, 452) прапануе як магчымую праформу *rъdъstъ, адкуль звычайна збліжэнне з *rъděti, *rъdja (гл. ірдзець, іржа 1), Міклашыч, 284; Брукнер, 455. Найбольш верагодна рэканструкцыя *drěstъ, *drěstьnъ (першапачаткова прыметнік), звязаных з дзеясловам *dristati, паколькі корань раслін сямейства ірдзеставых выкарыстоўваецца як страўнікавы сродак; параўн. рус. завязный корень, животный корень, серб.-харв. желудњак і да т. п. (Мяркулава, Очерки, 41–42; Трубачоў, Эт. сл., 5, 110–111). Махэк₂ (510), Jména rostl. (86), Голуб-Копечны (310) зыходзяць з першапачатковага *nerstъ і звязваюць з нерастам. Іншыя версіі (збліжэнне з грэч. ῥοδον ’роза’ і г. д.) гл. Фасмер, там жа.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)