Ірда́нь ’рэлігійны абрад асвячэння вады’ (Бяльк.), ’месца, дзе ў дзень богаяўлення асвячаюць ваду’ (Нас.). Рус. иорда́нь ’месца на рацэ, дзе праводзяць асвячэнне вады і некаторыя царкоўныя святы’, дыял. ’вадохрышча’, ’палонка’, ирда́н, ирда́нь ’месца на рацэ, возеры ці сажалцы для царкоўнага абраду асвячэння вады’, ’палонка’, ’чысты ручай, крыніца’, ерда́нь ’палонка’, укр. дыял. йрда́нь ’месца на рацэ, дзе асвячаюць ваду ў дзень богаяўлення’. У рускай пісьменнасці иердань, иордань, ердань ’палонка з памостам і часовай капліцай для вяршэння абраду асвячэння вады і купання’ з XVI ст. Утворана ад назвы ракі Іардан (грэч. Ἰορδάνης), у якой, паводле евангельскага падання, хрысціўся Іісус Хрыстос. Гл. Фасмер, 2, 23.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)