Пы́ні ’маўляў, моў’ (Яруш., Гарэц., Бяльк.), выклічнік (націск залежыць ад папярэдняга слова) ’та, вось, моў’’: я пыни не таковскій; ’прыяцель, вашэць’: тобе, пыни, можно гето сказаць (Нас.). Магчыма, гукапераймальнае, параўн. рус. пынь‑пынь ’пра чалавека, які гаворыць невыразна, заікаючыся’, або дэфармаванае слова-паразіт, што ўзыходзіць да звароту пане ці васпане (гл.), пра гэта сведчыць заўвага Ярушэвіча “гор.” (гарадское).
Пыні́ць ’хутка нешта рабіць, чыніць’: жнеі пы́няць жыта (ашм., Стан.), ’рабіць усё неабходнае па гаспадарцы, даглядаць’ (ТСБМ, Жд. 1, Сцяшк. Сл.), ’знаходзіцца, праводзіць час’ (Сцяшк.), ’затрымліваць, перашкаджаць’ (Яруш.), ’збіраць ягады, грыбы’ (Яўс.), пыні́цца ’ўпраўляцца па гаспадарцы’ (ТСБМ), ’знаходзіцца’ (карэл., Сцяшк. Сл.). Параўн. спыні́ць ’хутка нешта зрабіць, скончыць’ (ашм., Стан.), укр. пини́ти ’замаруджваць, перашкаджаць’. Да пяць, пну (*pęti, *pьnǫ), варыянт кораня (з падаўжэннем) *pin‑, параўн. апыніцца, апынуцца ’знайсціся ў пэўным месцы або становішчы’ (гл.), фармальна і семантычна суадносіцца з літ. pìnti ’плясці’, лат. pît, pinu ’тс’, грэч. πένομαι ’працую’, нова-в.-ням. spinnen ’прасці’, spannen ’напружваць, нацягваць’. Гл. таксама ЕСУМ, 4, 370–371.
◎ Пыня́лка ’кіёк для пераймання кацёлкі (у гульні)’ (Шат.), параўн. укр. піняти, пійняти ’пераняць’. Да -пяць (прасл. *jęti), суф. па‑; магчыма, кантамінацыя з пыніць (гл.), ці ад паганяць, параўн. пынять ’паганяць’ (Растарг.).