Пы́ка ’твар; морда, пыса’ (Нас., Ян., Растарг.): у саба́кі чорна пыка (Сцяшк.), пы́кі экспр. ’губы’ (Сл. Брэс.), сюды ж пы́ктарацца ’тыкаць мордай’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. пи́ка ’морда’, рус. пи́ка ’морда, рыла’, пи́квица ’нос, кончык носа’. Паводле ЕСУМ (4, 367), са зменай галосных ад пу́кати ’трэскаць, лопаць’; беспадстаўна беларускія формы выводзяцца з украінскай, чаму пярэчыць перш за ўсе геаграфія слоў. Відаць, звязана чаргаваннем з пы́ца ’морда’ (гл.).
Пы́каць ’пукаць губамі, курыць люльку, запінацца пры размове ці чытанні’ (Нас., Шат., Гарэц., Др.-Падб., Варл.), ’гаварыць невыразна, неразборліва’ (ТСБМ, Ян., Сл. ПЗБ), ’марудна рабіць’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), пы́кнуць ’пікнуць’ (Яруш.), пык, пык‑мык — імітуе шамканне губамі, заіканне, курэнне (Нас.; мсцісл., Нар. лекс., Растарг.), пэк‑мэк ’тс’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), пыкі ’ціхая, патайная размова’ (Нас.), пыклі́вы, пуклі́вы ’марудны’ (паст., в.-дзв., рас., Сл. ПЗБ). Гукапераймальнае, сюды ж пік ’становішча таго, хто хацеў апраўдацца, але раптам змоўк’ (Нас.), пі́кавы, пы́кавы ’заіка’ (пін., кам., З нар. сл.).