Пік1 ’хутка што-небудзь выкінуць, выставіць на від’; у выразе: пік яму ў нос яго ж дабром’ (Нас.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне. Да пікаць1 (гл.).

Пік2 ’смала, вар’, пі́ка ’бітум, вараная смала’ (Ян., ТС). З н.-ням. Pick ’смала’, якое, як і англ.-сакс. pic, англ. pitch, з лац. pix ’смала’, калькі са ст.-грэч. πίσσα, атычн. πίττα ’тс’ < *piki̯a.

Пік3 ’касцявы мозг (ТС). Усечаная форма лексемы шпік ’тс’ (гл.).

Пік4: гадзіны пік ’час вышэйшага напружання ў рабоце транспарту, электрастанцыі і пад.’ (ТСБМ). З рус. часы пик, якое з’яўляецца паўкалькай англа-амерыканск. peak hours ’тс’ (Кіпарскі, ВЯ, 1956, 5, 136).

Пік5 ’спічастая вяршыня гары’ (ТСБМ). Праз рус. мову (Крукоўскі, Уплыў, 86) з франц. pic ’тс’ (Мацэнаўэр, LF, 12, 340; Фасмер, 3, 260).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)