Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мя́са, мя́со, мʼя́со, мʼя́са, мне́со ’туша ці частка тушы забітых жывёл або птушак’, ’мышцы цела рыб’, ’мышца’, ’мякаць, мяздра пладоў і ягад’ (ТСБМ, Яруш., Жд. 1, Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС, Ян.; зэльв., Жыв. сл.; в.-дзв., Шатал.), мʼя́со ’слёзная залозка ў воку’ (Дразд.). Укр. мʼясо, мнясо, рус. мясо, польск. mięso, каш. mjąso, палаб. mąsi < męsьje, н.-луж. měso, в.-луж. mjaso, чэш. maso, славац. mäso, славен. mesȏ, серб.-харв. ме̑со, макед. месо́, балг. месо́, ст.-слав. мѧсо ’мяса’. Прасл. męso роднаснае да ст.-прус. mensā (або без устаўнога ‑n‑: літ. mėsà, meisa, лат. misa, mięsa, ст.-інд. māṁsám, máms, māḥ, алб. mish, арм. mis ’тс’, тахар. B misa. І.‑е. mē(m)so‑ (Бернекер, 2, 43–44; Траўтман, 178–179; Фрэнкель, 427–428; Покарны, 725; Фасмер, 3, 30–31; Бязлай, 2, 179; БЕР, 3, 759). Сюды ж мясае́д, мясае́дніца ’перыяд ад каляд да масленіцы, калі дазваляецца (паводле законаў праваслаўнай царквы) есці мяса’ (ТС, Яруш., Сл. ПЗБ; шчуч., Сцяшк. Сл.) — параўн. серб.-харв. месојеђе, ст.-славен. mesojeja, мясі́ва ’мясная страва’ (Нас.), мясюга ’мяса добрай якасці’ (капыл., Жыв. сл.), меся́ны ’мясісты’ (ТС).

Мясёнжка ’гатунак хуткаспелай рэдзькі’ (КЭС, лаг.). З польск. размоўнага ⁺miesiączka < jniesiąc ’месяц’. Названа паводле таго, што яна вырастае за месяц. Назва перайшла і на бульбу, параўн. мясёншка ’сорт бульбы’ (Жд. 1). Параўн. таксама мёсячка (гл.).

Мясі́ць, місі́ць, месі́ць, драг. мысэ́тэ ’мяць, размінаць густую масу, перамешваючы яе з вадкасцю’, ’таўчы’, ’біць, дубасіць’, ’хадзіць, ездзіць па гразкім, топкім, сыпкім’ (ТСБМ, Грыг., Шат., Сл. ПЗБ, ТС; гродз., драг., КЭС), мясі́лка ’машына для размешвання’ (ТСБМ). Укр. міси́ти, рус. меси́ть, польск. miesić, н.-луж. měsyś, в.-луж. měsyć, чэш. mísiti, славац. miesiť, славен. mesíti/mésiti, серб.-харв. мије̏сити, макед. меси, балг. ме́ся́, ст.-слав. мѣсити. Прасл. měsiti, да якога роднаснымі з’яўляюцца: літ. maišýti ’мяшаць’, лат. màisît ’тс’, ст.-прус. maysotan ’перамешаны’, ст.-інд. mēkṣayati ’мяшае’. Першасны прасл. атэматычны дзеяслоў не захаваўся (у літ. мове ёсць група з аблаўтам: mìštimiẽštimaišýti). У іншых і.-е. мовах з суфіксам ‑sk‑: лац. misceō ’мяшаю’, ірл. mescaim ’тс’, ст.-в.-ням. miscan ’мяшаць’, нарв. meisk ’сумесь’, ст.-грэч. μίσγω (< *mig‑skō) ’мяшаю’ (Бернекер, 2, 52; Траўтман, 175; Мюленбах-Эндзелін, 2, 551, 636; Фрэнкель, 450; Фасмер, 606–607; Махэк₂, 365; Бязлай, 2, 180; Буга, Rinkt., 1, 478; 2, 166 і 487). Сюды ж ме́сіва ’густая, вадкаватая маса’, ’сумесь’, ’мешаніна’ (ТСБМ, Грыг.). Гл. таксама мяша́ць.

Мясні́цы, мясніці, мнясніцэ ’мясаед’ (паст., беласт., драг., Сл. ПЗБ), рус. (?) паўд. мясница ’скаромныя дні’ (Даль). Утворана ад прыметніка мясны (Смяса) пры дапамозе суфікса ‑іц‑ы (як радаўніца). Лексема ўжываецца ў мн. л., таму што перыяд мясаеду працягваецца цэлы тыдзень.

Мястэчка, мясце́чка ’пасёлак гарадскога тыпу’, ’цэнтральная частка сяла’, ’сяло з некаторымі прыкметамі горада’ (ТСБМ, Мядзв., Нас., Яруш., Грыг., Бяльк., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ст.-бел. мястечко (XVII ст.) запазычана са ст.-польск. miasteczko (Кохман, Kontakty, 86; Булыка, Запазыч., 212).

Мясце́рыцца ’прыстройвацца, прыладжвацца’ (ушац., Нар. сл.). Скажоная на рускі лад форма бел. майстравицца ’тс’ (ТСБМ).

Мясці́на, месці́на, ме́сціна, ме́сцінка ’пэўная частка якой-небудзь тэрыторыі; асобнае месца’, ’мясцовасць’, ’край, раён, акруга’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), укр. чаркаск. місти́на ’месца’, рус. мести́на, ме́стина: смал., пск. ’месца’, уладз., арл. ’мясцовасць’; польск. mieścina ’мізэрны горад’, ’непрыгожая, бедная мясціна’, серб.-харв. mjestina ’вялізны горад’ (у Стуліча). Прасл. městina < město > ме́ста (гл.).

Мясці́цца ’ўсаджвацца’ (Бяльк., ТС), у выразе не месціцца у шкуры ’неспакойны, непаседлівы’ (Ян.). Яшчэ ст.-рус. мѣститися ’займаць месца, змяшчацца’ (XII ст.). Да ме́ста (гл.).

Мясывіды ’мясаед’ (Грыг.). Да мясаёд (гл.). Замена другой наскі -ед(ы) на ‑віды можна растлумачыць беднасцю (у мінулым) некаторых слаёў грамадства, якія мяса мелі мала і «столькі бачылі» (столькі выдзелі») яго.