Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мязга́1, мязг̌а, мізга́, мізка́, мезка́, мезга́, меска́ ’мяккая частка дрэва паміж карой і драўнінай; камбій’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Грыг., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ, КЭС, лаг; бялын., Янк. Мат.; лельч., ЛАПП), ’бульбяныя жамерыны’ (жлоб., Мат. Гом.; ТС), ’мякаць у гарбуза, дзе знаходзіцца насенне’ (ТС, Сцяшк., Мат. Гом.), ’сушаная кара, якую (растоўчанай) падмешвалі да мукі’ (паўн.-зах., КЭС); ’мязга маладых дрэў, якую ўжывалі ў ежу’ (касцюк., паўд.-усх., КЭС); маладз., карэліц. мязг̌ра́ ’насенная частка гарбуза’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), Укр. мезга́, мизка́, моска́, мізька́, ст.-рус. мѣзга, рус. мезга́ ’камбій’, ’мякаць буракоў, бульбы, гарбузоў’, польск. miazga ’адціснутая мякаць, жамерыны’, ’камбій’, miazga/mlazga ’сок дрэў’, н.-луж. кніж. mězga, в.-луж. кніж. měza, чэш. míza ’сок дрэў’, ’лімфа’, ’свежасць, жыццёвая сіла’, славац. miazga ’сок дрэва’, ’лімфа’, славен. mézga, mezgà ’сок дрэў’, ’гразь, лімфа’, ’варэнне, мармелад’, mezgáti ’ціснуць мяккае’, серб.-харв. ме́зга, ме́згра ’сок дрэў’, ’мязга (камбій)’, макед. мазга, мезга ’сок з-пад кары дрэва’, балг. мъзга́, млязга, млезга ’тс’. Прасл. mězga. Роднасныя і.-е. адпаведнікі: с.-в.-ням. meisch, новав.-ням. Maische ’брага’, ст.-англ. meesc‑, máx‑wyrt ’соладавы корань’, англ. mash ’раздаўліваць’, ст.-інд. mēhati ’выпускае мачу’ (параўн. серб.-харв. ми̏жати, славен. mezéti ’мачыцца’), ст.-літ. mžti ’тс’, авест. maēzaiti ’мочыцца, угнойвае’, ст.-грэч. ὀμείχειν ’тс’, лац. mingere ’мачыцца’, арм. mizem ’мачуся’, і.-е. *moig̑h ’мачыцца’ (Бернекер, 2, 54; Траўтман, 185; Фасмер, 2, 593; Скок, 2, 417–418; Бязлай, 2, 182). Аднак Аткупшчыкоў (Из истории, 148) супастаўляе словаўтварэнне лексемы мязга́ з мяздра́ і вылучае корань гэтых слоў *men‑ ’мяць’. Гл. таксама мяздра́.

Мязга́2, мезга́ ’снег з дажджом’ (ТС), славен. доленск. mézga ’гразь’. Палеска-славенская ізалекса. Да мязга1 (аб’ядноўвае значэнне ’нешта мяккае; раздушанае’).

Мяздо ’гняздо’ (гродз., Сл. ПЗБ). Да гняздо (гл.), у якім адпала пачатковае г-, а н > м (аб гэтым Карскі, 1, 324).

Мяздра́, мездра́, міздра́ ’падскурная клятчатка ў жывёл, адваротны бок шкуры’, ’благі бок вырабленай скуры’, ’мякаць у гарбузе, дзе знаходзіцца насенне’, ’мяккая частка дрэва паміж карой і драўнінай’ (ТСБМ, Яруш., Касп., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС; в.-дзв., Шатал.; КЭС, лаг.), міздря́ ’нікчэмнасць’, міздрычка ’нікчэмны, дробязь’ (Бяльк.), ашм. мяздрава́ты хлеб ’ацеслівы’ (Сл. ПЗБ), мяздроны ’не вельмі добра ачышчаны ад мяздры’ (Нас.). Укр. міздря́, міздро, мездро, ніздра́, ніздря́, мяздра ’кара’, ’унутраны бок скуры’, рус. мяздра́, мездра́, рус.-ц.-слав. мяздрица ’абалонка яйка’; польск. mizdra, miazdra, miązdra, miazda, mięzdra ’мяздра’, ’эпідэрміс’, каш. miåzdra ’колер твару’, в.-луж. mjazdro ’бяльмо’, mjadresko ’плеўка на яблыку вока’, чэш. mázdra ’скурка, плеўка’, валашск. mʼazgra, miígra, mjazdro ’слабы (чалавек)’, mázderko ’кавалачак’, mazgera ’малы чалавек’; славен. mezdro ’лыка’, mézdra, mȇzdra ’ўнутраны бок скуры’, ’смятана на малацэ’, ’абалона пад карой дрэва’, ’маладая плеўка на ране’, серб.-харв. ме́здра ’скурка, плеўка’, макед. мездра ’мяздра’, ’брушына’, балг. мездра ’ныркавы тлушч’, ’сала’. Многія этымолагі выводзяць прасл. męzdra (Копечны, Zákl. zás., 203; Махэк₂, 356; Шустар-Шэўц, Этимология–1970, 88; Бязлай, 2, 182), якое не мае яснай этымалогіі. Рэканструюецца і.-е. *memsdhrom (Бругман, 38, 437) і супастаўляецца з лац. membrum ’член’, membrāna ’скурка’, іншыя выводзяць *memsro‑, якое мусіла б даць *męstra (а не męzdra). Мее (129 і 409), Фасмер, (3, 29) выводзяць лексему з мяса і драць, супраць чаго Ільінскі (RS, 6, 224). Аткупшчыкоў (Из истории, 148), падкрэсліваючы змешванне ў слав. дыялектах слоў мязга і мяздра па семантыцы, бачыць блізкае словаўтварэнне: ст.-слав. мѧ‑з‑д‑ра мае суфіксальнае ‑(z)d‑; назіраецца чаргаванне d/g, параўн. мез‑д‑ра і мез‑г‑а, якія ўзыходзяць да кораня *men‑ ’мяць’, і першапачаткова абедзьве абазначалі ’мякаць, цёртае, патоўчанае рэчыва’. Карпенка (у канд. дыс. «Слав. терминол. обработки кожи (назв. сырья и ремесленников)», Киев, 1984) выводзіць наступны шлях развіцця лексемы мездра: і.-е. meig̑h ’кіпець, віраваць, цячы’ > *moig̑zghā, *moighsqā ’тое, што цячэ, вільготнае’ > мезга ’ўнутраная слізкая абалонка дрэва’ > мездра ’падскурная клятчатка, адваротны бок скуры’.

Мяздры́ць ’біць, церці, каб зрабіць мяккім’, ’біць безупынна’ (КЭС, лаг.). Утворана ад мяздра́ (гл.).

Мязю́к, мезюк, мізюк ’мезены палец’ (ТС), мезюн, мізюн ’тс’ (ТС). Аналагічна утварэнню літ. maželisч mažylis, але з іншымі суфіксамі. Балтызмы. Параўн. літ. mažiukas ’мезены палец’. У апошніх бел. лексемах суфікс ‑ук быў заменены на -ун у той жа функцыі (аб ім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 123).