Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мяжа́, межа́, міжа́ драг. мыже́ ’вузкая палоска зямлі паміж двума палеткамі’, ’палявая сцежка’, ’лінія падзелу паміж уладаннямі, сумежнымі дзяржавамі’, ’норма, рубеж дазволенага’ (ТСБМ, Грыг., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, КЭС), брэсц. ’участак лесу паміж населенымі пунктамі’ (Яшк.), у межах ’у перыяд, калі няма месяца’ (ТС). Укр. межа́, рус. межа́ ’мята’, пск. мёжи, ме́жы ’перыяд, калі няма месяца перад маладзіком’, польск. miedza, н.-луж. mjaza, в.-луж. mjeza, чэш. meze, славац. medza, славен. méja, ’мяжа, агароджа’, зах. ’лес’, ’кусты’, серб.-харв. ме́ђа ’мяжа’, ’агароджа’, ’кусты’, макед. меѓа ’тс’, балг. межда, ст.-слав. межда ’сцежка, завулак’. Прасл. medja ’мяжа’, ’пагранічны камень’, ’край, мэта’, роднаснымі да якога з’яўляюцца літ. mẽdis ’дрэва’, жамайцк. mẽdė, ст.-літ. *mẽdžias ’лес’, лат. mežs ’тс’, ст.-прус. median ’дрэва’, ст.-інд. mádhya‑, арм. mēǰ ’сярэдзіна’, авест. maiδya‑, ст.-грэч. μέσσος, μέσος, лац. medius, гоц. midjis, ірл. mide, гал. Mediolanum ’сярод поля’, і.-е. праформа *medhi̯o або *medhii̯o ’сярэдні’. Значэнне ’лес’ развілося з ’кусты на мяжы’ (Міклашыч, 185; Бернекер, 2, 31–32; Мацэнаўэр, LF, 10, 66; Траўтман, 173; Фрэнкель, 423; Буга, Rinkt., 2, 257; Мюленбах-Эндзелін, 2, 611; Фасмер, 2, 592; Скок, 2, 398–400; Бязлай, 2, 176).

Мяжджу́ліць ’драбіць, мажджэрыць, дэфармаваць, раздушваць’ (Гарэц., Др.-Падб., Нас.), міёр. ’уціскваць, умяшчаць’, полац. ’есці марудна, размінаць ежу дзёснамі, не маючы зубоў’ (Нар. сл.), мяжду́ла ’цяльпук, нязграбны, непаваротлівы’ (Гарэц., Др.-Падб., Бяльк.). Да мозг, мозак (гл.). Параўн. рус. размозжить голову (Фасмер, 2, 637). Гл. наступнае слова.

Мяжджы́ ’мазгі’ (Рам. 5). Да мозг (гл.). Пачатковае мя‑ пад уплывам літ. smẽgenys ’тс’. Чаргаванне зг > ждж.

Мяжджэра ’нешта грубае, порыстае, наздраватае’ (Гарэц.), ’дзірка, пралом, пустата’ (Др.-Падб.). Да мажджа́ра (гл.).

Мяжні́к ’мяжа’ (чачэр., Жыв. сл.; бых., Мат. Маг.), мяжніца ’сцяжынка ў полі’ (Касп.). Да мяжи (гл.).

Мяжоўка ’цімафееўка, жыцец, Phleum pratense L.’ (Інстр.), межавая трава ’тс’ (маг., Кіс.). Узнікла ў выніку намінацыі словазлучэння накшталт апошняга (гл.). Да мяжи (гл.).

Мяжпе́рстніца, міжперсніца, мяжыперсьніца ’ворлікі звычайныя, Aquilegia vulgaris L.’ (маг., Кіс.; Дэмб. 1, Касп.), мяжперсціца ’гусялапка востравугольная, Alchemilla (L.) acutangula Buser’ (Дэмб. 1; паўн.-усх., Кіс.), міжыпірніктрава, што расце вясной на лузе на поплаве, у якой ліст нагадвае пяць пальцаў рукі’ (КЭС, лаг.). Рус. междуперстница — некалькі іншых назвах раслін; смал. межепарщица, межи‑ перстица ’гусялапка’. Да мяжыперніца (гл.). Расліны ўжываліся ў народнай медыцыне ў якасці прысыпак пры септычных захворваннях.

*Мяжу́ха, брэсц. мыжу́ха ’сасна, якая расце на адкрытым месцы’ (Сл. ПЗБ). Сёння успрымаецца як роднаснае да мяжи (гл.). Аднак можна меркаваць, што гэта старажытны балтызм. Параўн. літ. medis, лат. mezs ’лес’. Гл. таксама межаву́ха.

Мяжы́перніца, межыперсніца, мяжыперсціц(а) ’міжперсніца, нарывы рук (ног) паміж пальцамі’ (Некр., Касп., Бяльк.), ’высыпка, асабліва пры каросце’ (Нас., Бяльк.), міжыпірніца ’глыбокае загнаенне далоней ад цвёрдай работы’ (КЭС, лаг.). Рус. валаг. междупёрст(н)ица ’хвароба паміж пальцамі ад забруджвання’, с.-урал. ’кароста’, смал. межепарщица ’тс’. Фармальна да меж- (між‑) і перст ’палец’ (< прасл. pbrstь). Аднак, улічваючы пашырэнне лексемы ва ўсх.-слав. гаворках, можна меркаваць, што гэта калька з балт. моў; параўн. літ. tarpupirščiai ’прамежкі паміж пальцамі’.

Мяжэніна ’самы гарачы час у сярэдзіне лета’ (Нас.), мяжэнінны ’сабраны ў гэты час’ (там жа), мяжэнный дзянёк ’дзень у летнюю гарачую пару’ (паўн.-усх., КЭС) прымыкаюць да рус. моўнай тэрыторыі (у асноўным паўн. і зах.-рус. — гл. СРНГ, 18, 82–85), дзе меженный, меженный, межёнина звязаны са значэннем ’летні’, ’гарачы летні час, самае лета’. Узыходзяць да мяжа ’сярэдзіна’.