Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Зо́рка ’нябеснае цела’. Рус. зо́рька ’зара’, наўг., бранск. ’зорка’, укр. зі́рка ’зорка’. Параўн. польск. zorza ’зара, зорка’, чэш. zora ’ранішняя зорка’. Памянш. ад зара < зора (ці зоря) з суфіксам ‑к‑а. Параўн. з іншымі суфіксамі балг. зорнѝца, серб.-харв. зорњача, славен. zorníca, zorjeníca ’ранішняя зорка; Венера’. Значэнне зара (гл.) ’ранішняе святло’ дало падставу для дыферэнцыяцыі значэнняў гэтага слова: ’афарбоўка неба’ і ’зорка’. Для далейшай дыферэнцыяцыі важным было замацаванне суфіксальных утварэнняў для назвы адной ранішняй зоркі, а потым і зоркі наогул. Булахоўскі (Труди філол. ф-ту ХДУ, 3, 1956, 62) адзначыў, што ў ст.-рус. адбывалася дыферэнцыяцыя заря ’святло’, зоря ’зорка’.

Зо́рыць ’глядзець’, за́рыцца ’квапіцца, заглядацца на чужое’ (маг. віц., Шат.; Мат. Маг.; З нар. сл.; Шатал.; Нар. сл.). Рус. за́риться ’заглядацца’, пск., маск., сіб. зар́ить ’глядзець, шукаць вачыма’, дыял. зо́рить ’глядзець, сачыць, наглядаць’, укр. зори́ти ’глядзець, сачыць вачыма’, зари́ти ся ’заглядацца’ (Жэлях.). Славен. zóriti ’глядзець, сачыць вачыма’. Таго ж кораня, што зрок, зрэнкі, але з іншай ступенню чаргавання галоснага (zьr‑/zor‑; параўн. узор, надзор). Прасл. корань zьr/zor‑ узыходзіць да і.-е. *gʼher‑ ’прамянець, блішчаць’: літ. žerė́ti ’блішчаць’; параўн. зара. Фасмер, 2, 104; Траўтман, 366; Покарны, 1, 441–442; Варбат, Этимология, 1980, 32. Семантычны пераход ’глядзець’ — ’квапіцца, заглядацца на чужое’ прадстаўлен у зайздросціць, рус. видетьзавидовать і інш. Супрун, Полесье и этногенез славян, 1983, 61.