Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трасканя́ ‘журба, смутак, маркота’ (паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тросканье ‘клопат’ (ГСБМ). Запазычана з польск. troskanie ‘клопат, неспакой’ або ўтворана ад мясцовага тро́скаць ‘турбаваць, непакоіць’, што з польск. troskać ‘тс’ ад troska ‘клопат’ (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 119), аформленага пад уплывам існуючага ў гаворцы трасканя́ ‘траскатня’.

Траско́тка ‘бразготка’ (АБ, 6), трыску͡отка ‘тс’, трыскота́ті ‘трашчаць’ (Вруб.). Аналагічна да трашчотка < трашча́ць, гл. троскат.

Траско́ўнік ‘дрывотнік’, ‘месца на двары, дзе сякуць дровы’ (Мат. Гом., Мат. Маг.; бялын., Нар. сл., ЛА, 1), ‘дробныя трэскі, смецце’ (Ян.), траско́ўня ‘дрывотнік’ (Мат. Гом.), траско́ўя ‘месца, дзе колюць дровы’ (Бяльк.), трасо́чнік ‘месца, дзе сохнуць трэскі’ (Сцяшк., Янк. 2), трасо́чнік і трасо́тнік ‘месца, дзе колюць дровы і куды высыпаюць смецце’ (Сл. ПЗБ), ‘смецце’ (Мат. Гом.), ‘перагной на дрывотні, які вывозяць на поле, на агарод’ (докш., Янк. Мат.), ‘дробныя трэскі, рознае смецце пад паветкай’ (Янк. 2). Вытворныя ад трэ́ска (гл.). Параўн. рус. дыял. тресо́чник ‘перагной з трэсак і бур’яну’, якое Мюленбах і Эндзелін (4, 223) параўноўваюць з літ. trèšti ‘гніць’, лат. tresêt ‘тс’, гл. Фасмер, 4, 100.

Траску́н ‘жук сямейства лістаедаў, Chrysomelidae’ (ТСБМ). Сюды ж traskunczyk ‘сініца, Parus L.’ (Арх. Федар.), у спалучэнні чыро́к‑траскуно́к ‘птушка Anas guerguedula’ (Цярохін, Охота). Да трэск, трашчаць (гл.) паводле выдаваных гукаў, параўн. ЕСУМ, 5, 623, 645. Апошняя назва, відаць, запазычана з рус. чиро́к трескуно́к ‘тс’, параўн. таксама ўкр. чиро́к тріскуно́к пры дыял. тріскунка, трускуняць (ЕСУМ, 5, 659).

Траслі́вы ‘багністы’ (Сцяшк. Сл.), трослі́вы ‘дрыгвяністы, гразкі’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. тросливый ‘парослы трыснягом’: тросливое болото (ГСБМ). Утворана пры дапамозе суф. ‑лів‑ ад тросць1, гл., набліжана да трэсці, гл.

Трасні́к (трысні́к, трісні́к, трясні́к, тросні́к) ‘трыснёг, Phragmites communis Trin.’ (Касп.; Байк. і Некр., Шатал.; гродз., віц., мін., маг., ЛА, 1, Кіс., Сл. ПЗБ; мёрск., Жыв. сл., Сцяшк. Сл.), ‘чарот, Scirpius L.’ (Ласт.; леп., лёзн., шчуч., Яшк., ЛА, 1), трасні́к ‘рагоз, Typha latifolia L.’ (шуміл., віц., астрав., лаг., стаўб., ЛА, 1). Укр. дыял. тро́сни́к, тростни́к ‘чарот, трыснёг’, рус. тростник ‘тс’. Суфіксальны дэрыват ад тросць1 (гл.), суф. ‑ьн‑ікъ утварае фітонімы тыпу сітнік, маліннік і пад. (Новое в рус. этим., 238), або ад траста́ (гл.), параўн. з пераносам націску трасце́ннік ‘зараснік трыснягу’ (Др.-Падб.). Гл. таксама троснік, трыснёг.

Трасні́нка ‘здоба з тварагом’ (Сцяшк. Сл.). Няясна; відаць, звязана з польск. дыял. trzeszcz ‘тварог’ (Варш. сл.) параўн. каш. třešč ‘сушаны сыр’ ад třeščec ‘трашчаць, скрыпець’ (SEK 5, 178).

Трасо́тнік ‘месца на двары, дзе сякуць дровы’ (брасл., віл., чэрв., Сл. ПЗБ). Варыянт да трасочнік ‘тс’ (гл. траскоўнік), магчыма, у выніку ўплыву дрывотнік ‘дрывотня’, што да дравато́нь ‘месца, дзе ляжаць дровы’ (Юрч.) < *drьvotonъ (ЭССЯ, 5, 143; гл. дровы і цяць, тнуць1).

Траста́ ‘прамая салома’ (Лекс. Бел. Палесся), ‘сцябло льну, канапель пасля мачэння, ляжання на лугах ці на льнішчы, з якога атрымліваюць валакно для пражы’ (ТСБМ, БелСЭ, 10), троста́ ‘саломка льну’: јак он нетʼорты (Уладз.); ‘кастрыца’ (Горбач, Зах.-пол. гов.); сюды ж траста́ ‘дранка’ (Сл. ПЗБ), ‘галлё’: масты памашчу з тонкае трасты (лоеў., Песні нар. свят, 28); трыста́ ‘водмель на возеры, парослая трыснягом або чаротам’ (Нік., Оч.), трасцё ‘трыснёг, чарот’ (Тур., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тростье, тростие ‘трысцё’ (ГСБМ). Параўн. укр. треста́ ‘апрацаваная саломка льну, канопляў’ (паводле ЕСУМ, 5, 631 — з рускай мовы), рус. треста́ ‘сцябло каноплі ці льну пасля высушвання’, ‘чарот’, рус. пск. троста́, триста́ — зборная назва для балотных каленчатых раслін, трестье́, тростье́ ‘тс’, стараж.-рус. тростіе ‘зараснік трыснягу’: Игоръ‑князъ поскочи горностаемъ къ тростію (Слова аб паходзе Ігаравым); сюды ж, відаць, і ўкр. дыял. трі́ще ‘хмыз, дубцы’, а таксама балг. дыял. тр́с̥та ‘высякаць хмызняк і маладняк у высокім лесе’ (БД, 4, 146). Прасл. *trьsta Трубачоў (Ремесл. терм., 85) прапануе звязаць з *treskati (гл. трэск) з магчымым чаргаваннем, ‑sk‑/‑st‑, як у ​пускать — ​пустить (гл. пускаць, пусціць), параўн. траска́2, у такім выпадку рэалізуецца мадэль ‘раздзіраць’ — ‘плясці’ > ‘назва расліны, што ўжываецца для пляцення’ (Мяркулава, Очерки, 57), у тым ліку і назва іншых матэрыялаў для тых жа мэт. Сюды ж трасца́ ‘траста’ (ТС), якое з памяншальнай формы ⁺трастьца́ > трасцьца́ > трастца́.

Трастка́ ‘трысцінка ў бёрдзе’ (беласт., Сл. ПЗБ), трі́стка ‘тс’ (малар., Сл. Брэс.), трасці́на, трасціна́, тро́сціна, трасці́нка ‘тонкая пласцінка ў бёрдзе’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ; мёрск., Ск. нар. мовы), трэ́сціна ‘тс’ (Ян.), тросці́на ‘тс’ (ТС); трості́на ‘тс’ (лун., Шатал.), трасцё, трысцё, трысце́ зборн. ‘пласцінкі ў бёрдзе’ (Сл. ПЗБ, Бяльк., Сцяшк., Мат. Гом., Ян., Скарбы; брагін., Нар. сл.), трысте́ ‘тс’ (Сл. Брэс.), траста́ ‘трысцінкі ў бёрдзе’ (мёрск., Ск. нар. мовы). Параўн. укр. дыял. тро́стка ‘дэталь ткацкага стану’, рус. треста́ ‘бёрда’, польск. trzcinka ‘дэталь ткацкага стану, цэўка’, trestka ‘пласцінка ў бёрдзе’, trościna, trosta, treście, troście, харв. trst ‘бёрда’. З прасл. *trostь, *trъsta (гл. тросць, траста) з пазнейшай суфіксацыяй і спецыялізацыяй. Сюды ж трасці́ць ‘рабіць новае бёрда, устаўляць у яго трасціны’ (в.-дзв., Шатал.).