Трасні́к (трысні́к, трісні́к, трясні́к, тросні́к) ‘трыснёг, Phragmites communis Trin.’ (Касп.; Байк. і Некр., Шатал.; гродз., віц., мін., маг., ЛА, 1, Кіс., Сл. ПЗБ; мёрск., Жыв. сл., Сцяшк. Сл.), ‘чарот, Scirpius L.’ (Ласт.; леп., лёзн., шчуч., Яшк., ЛА, 1), трасні́к ‘рагоз, Typha latifolia L.’ (шуміл., віц., астрав., лаг., стаўб., ЛА, 1). Укр. дыял. тро́сни́к, тростни́к ‘чарот, трыснёг’, рус. тростник ‘тс’. Суфіксальны дэрыват ад тросць 1 (гл.), суф. ‑ьн‑ікъ утварае фітонімы тыпу сітнік, маліннік і пад. (Новое в рус. этим., 238), або ад траста́ (гл.), параўн. з пераносам націску трасце́ннік ‘зараснік трыснягу’ (Др.-Падб.). Гл. таксама троснік, трыснёг.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)