Траско́ўнік ‘дрывотнік’, ‘месца на двары, дзе сякуць дровы’ (Мат. Гом., Мат. Маг.; бялын., Нар. сл., ЛА, 1), ‘дробныя трэскі, смецце’ (Ян.), траско́ўня ‘дрывотнік’ (Мат. Гом.), траско́ўя ‘месца, дзе колюць дровы’ (Бяльк.), трасо́чнік ‘месца, дзе сохнуць трэскі’ (Сцяшк., Янк. 2), трасо́чнік і трасо́тнік ‘месца, дзе колюць дровы і куды высыпаюць смецце’ (Сл. ПЗБ), ‘смецце’ (Мат. Гом.), ‘перагной на дрывотні, які вывозяць на поле, на агарод’ (докш., Янк. Мат.), ‘дробныя трэскі, рознае смецце пад паветкай’ (Янк. 2). Вытворныя ад трэ́ска (гл.). Параўн. рус. дыял. тресо́чник ‘перагной з трэсак і бур’яну’, якое Мюленбах і Эндзелін (4, 223) параўноўваюць з літ. trèšti ‘гніць’, лат. tresêt ‘тс’, гл. Фасмер, 4, 100.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)