Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кле́тачка ’соты, матачнік’ (Мат. Гом.), ’сетачка з дзіркамі ў вуллі, праз якія матка не можа пралезці’ (Сцяшк.). Гл. клетка.

Кле́тка ’памяшканне для птушак і жывёлін, сценкі якога зроблены з металічных або драўляных прутоў’ (ТСБМ, Касп., Яруш., Бяльк., Сл. паўн.-зах.), ’спосаб складання дроў, дошак, цэглы і пад. у выглядзе чатырохвугольніка’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., ТС, Янк. Мат.), ’свіран, кладоўка’ (Нас., Бломкв., Дзмітр.). Гл. клець.

Кле́ткі ’месца, дзе рос клён, кляновы лес’ (Яшк.). Гл. клець.

Кле́тнік1 ’дух, які ахоўвае клець’ (Нас.). Гл. клець.

Кле́тнік2 ’злодзей’ (Нас., Мат. Гом.). Гл. клетшку.

Клец ’зуб у баране’ (ТСБМ, Мат. Гом., Яруш., Бяльк., Янк. БФ, Гарэц., Дэмб.). Гл. клёц.

Кле́цка ’скрутак вычасанага льну’ (Нар. сл.). Гл. клец.

Клець ’сялянскі будынак для захавання маёмасці; свіран, кладоўка’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сл. паўн.-зах., ДАБМ, Тарнацкі, П. С., Шушк., Бломкв., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Нік. Очерки, Бяльк., Яруш., Нар. словатв., Сцяшк., Грыг., Мал., Шн., Некр., Хар., Сержп., Маш., Гарэц.). Укр. кліть, рус. клеть, балг. клет, макед. клед, серб.-харв. кле̑т, славен. klét, польск. kleć, чэш. klec. У гэтых паралелях адзначаецца тры асноўныя значэнні: ’сялянскі будынак для захавання маёмасці, свіран’, ’часовае памяшканне, прыбудова’, ’хаціна, будан’. Першае значэнне адзначана практычна ва ўсіх славянскіх мовах, другое і трэцяе пераважна на сербска-харвацкай, рускай і польскай тэрыторыях. Унутраную форму зберагло толькі серб.-харв. кле̑т ’будан, сплецены з прутоў’. Аб той жа ўнутранай форме сведчаць значэнні прасл. klětъkа ’клетка для птушак і жывёл’. На гэтай аснове рэканструюецца прасл. klětь ’будан, складзены з жэрдак і аплецены прутамі’. Таму нельга пагадзіцца з рэканструкцыяй Махэка (ВЯ, 1957, I, 97), які бачыць у аснове першаснага значэння ’зруб у якасці свірана’. У сувязі з гэтым узнікае праблема адносін прасл. klětь да літ. klė́tis ’кладоўка, свіран’, лат. klēts ’тс’. Эндзелін (Мюленбах-Эндзелін, 2, 225) лічыць іх генетычна тоеснымі са славянскімі. У якасці крытэрыю ён прыводзіць архаічнасць вакалізму, але такі вакалізм вядомы і ў пазнейшых запазычаннях з усходнеславянскіх моў. Лінгвагеаграфічны крытэрый сведчыць аб другаснасці літ. klė́tis і яго запазычання з перыферыйнага польскага дыялекту. Што датычыць прасл. klětь, то яго спрадвечнасць давесці цяжка. Версія Махэка (цыт. праца) klětь < *klēu̯‑ti фанетычна і семантычна неверагодная (першаснае значэнне ’сціскаць, зачыняць’). Семантыка прасл. klětь добра адпавядае семантыцы і.-е. k̑lei̯ (’прыстаўляць, прыхіляць’, ’будан з жэрдак’, ’краты’), але фанетыка застаецца нявытлумачанай. Яшчэ Шахматаў (AfSlPh, 33, 90) выказаў гіпотэзу аб кельцкай крыніцы славянскага слова. Параўн. ст.-ірл. clíath ’пляцень, краты’, clíthar ’хаціна’, гал. *klēta ’пляцень, краты’. Кельцкія словы ў адрозненне ад славянскіх маюць надзейную індаеўрапейскую этымалогію і зыходзяць да архетыпа *k̑lei‑t (і.-е. ei > пракельц. ē): гоц. hleiþra ’будан’, ст.-грэч. κλισία (< *klitia ’тс’), літ. šlitìs ’адрына’. У аснове гэтай групы паралелей ляжыць і.-е. k̑lei са значэннем ’пакласці, прыхіліць’ (ст.-інд. śrayate, ст.-грэч. κλίνω, лац. clino і інш.). Апрача гэтага, індаеўрапейскія паралелі маюць яшчэ значэнне ’лесвіца’ (ст.-грэч. κλίμαξ, ∼ ням. Leiter, літ. šlìtė) і ’пляцень’ (ірл. clíath, лат. slits). Такім чынам, прасл. klětь адлюстроўвае кельцкую фанетыку (k < і ē < еі) і семантыку (Мартынаў, SO, 29, I/2, 161–164; Мартынаў, Язык, 38–42).

Кле́шня1 ’галёнка, сцягно’ (Сл. паўн.-зах., Нар. лекс.), ’клюшня’ (Сержп. Пр., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Янк. III). Гл. клюшня2-

Кле́шня2 ’калашына’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Сцяц., Нар. лекс., Шатал., Тарнацкі, Studia). Апошні звязвае лексему генетычна з калашына (гл. калоша) (Тарнацкі, 24). Гл. клешняі·

Клешч ’невялікая членістаногая жывёліна павукападобных, якая паразітуе на целе чалавека, жывёлы, а таксама на раслінах (ТСБМ, Шат., Сл. паўн.-зах., Сцяшк., КЭС, лаг., Дразд., Бяльк., Яруш.). Укр. кліщ, рус. клещ ’тс’, серб.-харв. кле̑шт, славен. klèšč ’тс’, польск. kleszcz, чэш. klišť, славац. kliešť, в.-луж. klešč, н.-луж. klešč ’тс’. Лічыцца, у адпаведнасці з прынятай версіяй, што прасл. kleščь да прасл. klešči ’абцугі’ (Трубачоў, Эт. сл., 10, 20–23).

Клешчаві́на1 ’алейная расліна сямейства малачаевых’ (ТСБМ). Праз рус. клещевина з польск. kleszczowina. Калька з лац. ricinus ’клешч’, ’клешчавіна’ (ЕСУМ, 2, 460).

Клешчаві́на2 ’адна палавіна драўлянай асновы хамута’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. клешчы2.